Прадстаўнік Нямеччыны: Выбары вызначаць, ці пачнецца перазагрузка адносінаў з Беларуссю

Прадстаўнік Нямеччыны: Выбары вызначаць, ці пачнецца перазагрузка адносінаў з Беларуссю

Прадстаўнік урада Нямеччыны па міжграмадскім супрацоўніцтве з Расіяй, краінамі Цэнтральнай Азіі ды Усходняга партнёрства Гернат Эрлер 3 верасня сустрэўся з лідарамі беларускай апазіцыі.

Як перадае БелаПАН, нямецкі прадстаўнік сустракаўся з Мікалаем Статкевічам, Уладзімірам Някляевым, Анатолем Лябедзькам і Віталём Рымашэўскім. Таццяна Караткевіч была запрошаная на сустрэчу, але паведаміла, што не зможа прысутнічаць.

Па словах Эрлера, лідары апазіцыі выказалі намер "праводзіць усе акцыі ў рамках заканадаўства, каб пазбегнуць той сітуацыі, якая была ў 2010 годзе". Разам з тым яны раскрытыкавалі рамачныя ўмовы правядзення кампаніі, у прыватнасці забарону на заклікі да байкоту выбараў.

Таксама Эрлер паведаміў журналістам, што пасля выбараў можа адбыцца перазагрузка адносінаў паміж Беларуссю і Еўрасаюзам. Ён высока ацаніў нядаўняе вызваленне палітвязняў, бо гэтая праблема доўгі час была асноўнай перашкодай у адносінах між Беларуссю і ЕС.

Таму выбары стануць "лакмусавай паперкай" для далейшых адносінаў. Па словах Эрлера, калі выбары пройдуць сумленна і назіральная місія БДІПЧ АБСЕ атрымае магчымасць бесперашкодна весці працу па назіранні за імі, то гэта "аўтаматычна адчыняе дзверы перад Еўрасаюзам і Нямеччынай для паляпшэння адносінаў".

Прадстаўнік Нямеччыны падкрэсліў, што да 30 кастрычніка павінна быць прынята рашэнне па пытанні аб санкцыях ЕС супраць Беларусі. Калі ацэнка выбараў будзе станоўчай, то санкцыі могуць прыпыніць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі