Прагноз ЕЭК: ВУП Беларусі сёлета вырасце на 0,5%, інфляцыя будзе 15,6%
Такія звесткі прыводзяцца ў спецыяльным дакуменце Еўразійскай эканамічнай камісіі.
Ён назваецца "Прагноз асноўных паказчыкаў эканамічнага развіцця дзяржаў — чальцоў Мытнага саюза і Адзінай эканамічнай прасторы на 2014–2016 гады".
На думку аналітыкаў, сёлета захаваюцца тэндэнцыі запаволення тэмпаў росту ВУП, назіраныя ў 2013 годзе, перадае interfax.by. Эксперты камісіі мяркуюць таксама, што ў сярэднетэрміновай перспектыве прагназуецца неспрыяльны замежнаэканамічны фон для краіны. Гэта абумоўлена высокай залежнасцю беларускай эканомікі ад сітуацыі ў Расіі. А расійскую эканоміку чакае запаволенне росту ВУП на фоне агульных негатыўных тэндэнцый у сусветнай эканоміцы.
Да канца 2016 года тэмпы росту ВУП стабілізуюцца на ўзроўні доўгатэрміновага трэнду 3,6%, суцяшае прагноз.
ЕЭК таксама чакае, што ў 2014 годзе інфляцыя ў Беларусі складзе 15,6%, у 2015 годзе зменшыцца вельмі нязначна — да 15,4%, у 2016 годзе складзе 14,6%.
Дарэчы, Сусветны банк ацаніў магчымасць прыросту ВУП Беларусі ў 2014 годзе на ўзроўні 1,5%. У 2015 годзе, па прагнозах Сусветнага банку, ВУП Беларусі вырасце на 2%, у 2016 годзе — на 2,5%.
Паводле звестак афіцыйнага ж макрапрагнозу на 2014 год, ВУП Беларусі вырасце на 3,3%.
Фота — freelancejob.ru