Прапагандысты расказалі падрабязнасці справы Рыка Крыгера, асуджанага на смерць

Рыка Крыгер

Рыка Крыгер / "Вясна"

Немец Рыка Крыгер, якога ў Беларусі прысудзілі да смерці, прыбыў у нашу краіну ў якасці турыста. Пра гэта і іншыя падрабязнасці яго справы расказала ў сваім тэлеграм-канале супрацоўніца дзяржвыдання "СБ. Беларусь сегодня" Людміла Гладкая.

Рыка Крыгер родам з Ніжняй Саксоніі, з горада Хільдэсхайм. Паведамляецца, што ён вучыўся на механіка, працаваў у нямецкім Чырвоным Крыжы і "Службе выратавання".

Паводле Гладкай, Крыгер прыехаў у Беларусь 2 кастрычніка 2023 года па заданні СБУ. Пры сабе ў яго былі "тэлефоны і беспілотнік". Перад гэтым, як заяўляе прапагандыстка, Крыгер атрымаў ад СБУ "заданне правесці ў Асіповічах разведку і фатаграфаванне аб'ектаў па каардынатах".

Нагадаем, што пад Асіповічамі размяшчаецца лагер, куды вывелі з Расіі вагнераўцаў пасля путчу Яўгена Прыгожына.

13 кастрычніка 2023 года Рыка Крыгера затрымалі.

Гладкая піша, што на судзе Крыгер расказаў, як выконваў заданні СБУ, "даставаў і ўсталёўваў выбуховае прыстасаванне, як падчышчаў свае электронныя сляды".

Мінскі абласны суд напрыканцы чэрвеня прысудзіў Крыгера да смротнага пакарання. Яго абвінавацілі па шасці артыкулах КК: наёмніцтва (артыкул 133), агентурная дзейнасць (артыкул 358-1), акт тэрарызму (ч. 3 арт. 289), стварэнне "экстрэмісцкага фармавання" (ч. 3 арт. 361-1), незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі і выбуховых рэчываў (ч. 4 арт. 309), наўмыснае прывядзенне ў непрыдатнасць транспартнага сродку або шляхоў зносін (ч. 4 арт. 309).
 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі