Праваабаронцы: дэпутатам Палаты прадстаўнікоў не хапіла палітычнай волі

Для ліквідацыі артыкула 193-1 Крымінальнага кодэкса, які прадугледжвае адказнасць за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі, дэпутатам Палаты прадстаўнікоў не хапіла палітычнай волі, мяркуюць беларускія праваабаронцы. Пра гэта было заяўлена на пасяджэнні круглага стала ў Мінску. Нагадаем, па гэтым артыкуле з часу ўваходжання яго ў сілу ў 2006 годзе было асуджана 17 чалавек. Праваабаронцы лічаць, што артыкул з'яўляецца дыскрымінацыйным і парушае канстытуцыйныя правы грамадзян на свабоду аб'яднанняў.

Як адзначыў праваабаронца Валянцін Стэфановіч, круглы стол быў арганізаваны ў першы рабочы дзень пасля завяршэння працы сесіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі. "Мы вельмі спадзяваліся, што дэпутаты прымуць папраўкі ў Крымінальны кодэкс і ліквідуюць гэты артыкул. Але гэтага, на жаль, не адбылося", — сказаў Стэфановіч.

Лідэр праваабарончай арганізацыі "Беларускі Хельсінкскі камітэт" Алег Гулак падкрэсліў, што існаванне такога артыкула ў Крымінальным кодэксе супярэчыць не толькі міжнародным пактам у сферы правоў чалавека, але і Канстытуцыі Беларусі. Пры гэтым ён падкрэсліў, што Беларусь — адзіная краіна на постсавецкай прасторы, дзе існуе крымінальная адказнасць за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі, паведамляе БелаПАН.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі