Праз 6 дзён распачынаецца Exit Festival!

Адзін з самых буйных у Еўропе, гэты фестываль збірае вялікую колькасць сусветна вядомых зорак і прадстаўляе ўсе асноўныя музычных накірункі.   На вуліцы пякота, шмат хто збірае бэгі і рушыць вандраваць. Шмат хто працягвае працаваць. І тых, і другіх Еўрарадыё знаёміць з хэдлайнерамі  Exit Festival, таму што праз колькі дзён у Петраварадзінскай крэпасці распачнецца дзесяты юбілейны фестываль.

На ім будзе 6 асноўных танцпляцаў: Main Stage (мэйн стэйдж), Dance Arena (дэнс эрынэ), Fusion (фьюжн), SUBA, explosive (эксплоўзів) ды Happy Novisad (хэпі Новысад). Нягледзячы на тое, што на ўсіх танцпляцах лайнап разнашэрсны,  кожны з іх мае пэўную адметнасць. Пра яе і пагаворым.

Main Stage збірае самае смачнае: хэдлайнераў, спецыяльных гасцей фестывалю ды будучых зорак. Па стылях выступоўцы самыя разнастайныя: ад Arctic Monkeys да KoRn.


Чакаецца, што на фестывалі Arctic Monkeys будуць тэставаць свой новы матэрыял і зараджаць энергіяй дзесяткі тысячаў меламанаў!




На другі дзень фестывалю на галоўным танцпляцы стане спякотна. Акурат у 0:00 на сцэну выйдзе хард-метал гурт KoRn.




Сярод хэдлайнераў — бацькі электронікі, з якіх пачалася большасць сучасных музычных эксперыментаў. Kraftwerk — сталёвы, аналагавы гук, дапоўнены электроннымі галасамі. Гучанне гэтага бэнду захапляе меламанаў ужо амаль 40 гадоў.




Таксама на Exit Festival можна будзе назіраць рэінкарнацыю жывой легенды: The Prodigy спрабуюць наноў заваяваць сусвет сваім новым альбомам. Шмат для каго ўсё, што робіць гэтая каманда, фенаменальна. Шмат хто лічыць, што гурт ужо сказаў свету усё, што мог. Варта пачуць, каб зразумець, хто такія The Prodigy ў 2009 годзе!




Тым часам у Новы Сад рыхтуецца прыехаць прыгожая, крохкая і жаноцкая дзяўчына з Англіі. Поп-хвалю на фестывалі прадстаўляе Lily Allen (Лілі Алэн).




Спіс тых, пра каго проста нельга не сказаць, замыкае Roots Manuva (Рутс Манува), выканаўца хіп-хопа ды даба з той жа Вялікабрытаніі. Хіба нешта яшчэ трэба для добрага настрою, акрамя міксу хіп-хопа, электронікі, даба, фанка і светлага неба над галавой? Усё будзе дзякуючы Roots Manuva!



Пяройдзем да пяці танцпляцаў, што пакуль засталіся за кадрам. Паспрабуем на хуткую руку акрэсліць канцэпцыю кожнага. 

Dance Arena будзе мець відавочна адценне прагрэсіў хаўса. Палова з выступоўцаў, дарэчы, ужо прыязджала ў Мінск на такія фестывалі як Global Gathering, Refresh Wave ці Gоdskitchen Urban Wave: James Jabiela, sasha, Eric Prydz, Steve Angello, Paul Woolford і інш. Уласна кажучы, гэта і ёсць хэдлайнеры гэтага танцпляца.



Калі вам не пашчасціла паслухаць Steve Angello гэтым летам у Мінску, то ў вас ёсць магчымасць зрабіць гэта ў Новым Садзе.



Эксперыментальныя, альтэрнатыўныя і не заўсёды мэйнстрымавыя ноты гучаць на танцпляцах Fusion ды SUBA. Самыя цікавыя асобы Fusion — гэта хіп-хоп бэнд The Herbaliser ды сапраўдная легенда рэггей-жанра Max Romeo.



Памятаеце ягонае Chase the devil, гімн усіх раста?





На танпляцы SUBA выступяць больш эксперыментальныя каманды, што працуюць у малавядомых жанрах і рытмах. Kuduro — стыль, у якім граюць хэдлайнеры першага дня Buraka Som Sistema.



Арганізатары не абыйшлі бокам аматараў трэшу, і танцпляц explosive цалкам нагадвае плэйліст металіста. Сярод выступоўцаў Death Angel, My Dying Bride, Deathstar.

А самы апошні танцпляц Happy Novisad — зусім не зорны, ён збярэ пакуль малавядомых, але перспектыўных выканаўцаў. Можа, мы пабачым зорку да таго, як яна ўзыйдзе!
Карацей, ёсць з чаго выбраць! Фестываль пачнецца 9 ліпеня, таму збірайцеся ці сачыце за падзеямі на старонках Еўрарадыё.

Фотаздымкі: exitfest.org, last.fm

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі