Пры ўцечцы шчолачы на "Беларуськаліі" пацярпеў электраслесар
Хімічная аварыя адбылася на "Беларуськаліі" каля 15-й гадзіны 22 кастрычніка. Як паведамляе прэс-служба Мінскага абласнога ўпраўлення МНС, ратавальнікам паступіла паведамленне пра ўцечку шчолачы ў цэху мембраннага электролізу хімічнага камбіната па глыбокай комплекснай перапрацоўцы хлораўтрымальнай мінеральнай сыравіны.
Ратавальнікі высветлілі, што пры праверцы датчыка ўзроўню ў ёмістасці складскога захоўвання разліўся шчолачны канцэнтрат. Пры гэтым хімічныя апёкі твару і вачэй атрымаў 39-гадовы электраслесар. Лекары шпіталізавалі яго ў Салігорскую цэнтральную раённую лякарню. Стан мужчыны ацэньваецца як сярэдняй цяжкасці.
Работнікі службы хімічнай і радыяцыйнай абароны ліквідавалі цечу, закрыўшы засаўку. Шчолачны канцэнтрат быў разбаўлены да бяспечнай стадыі. Яго перапампоўваюць для далейшай нейтралізацыі кіслатой.
Фота: mchs.gov.by