"Прынёс у банк 200 000 еўра, а мне кажуць: "Прабачце". Беларусы аб жыцці ў Літве
Беларусы ў Літве ўсё часцей сутыкаюцца з абмежаваннямі
3 чэрвеня літоўскія мытнікі раптам пачалі адбіраць прадукты і выліваць алкаголь у тых, хто ехаў у Літву з Беларусі. Забарону хутка змякчылі. Але асадак застаўся…
Тым больш што гэта далёка не першае дзіўнае абмежаванне, якое Літва ўводзіць для беларусаў. Еўрарадыё распытала нашых суайчыннікаў, якія жывуць у Вільні, пра тое, з якімі праблемамі ім здаралася сутыкацца.
Дзмітрый, 36 гадоў. Праграміст
У Літву я пераехаў яшчэ тры гады таму разам з жонкай, дзецьмі і жывёламі. Заставацца ў Беларусі было небяспечна праз удзел у пратэстах, таму кампанія, у якой я працую, мяне рэлакавала.
У мяне з легалізацыяй праблемаў не было, але былі пытанечкі да калегаў. Асабліва да тых, хто некалі працаваў на дзяржпрадпрыемствах альбо ў сілавых структурах. Ім альбо не адкрывалі ВНЖ, альбо адмаўлялі ў падаўжэнні.
Адна з праблемаў, з якой сутыкнуўся асабіста я, — гэта легалізацыя грошай з Беларусі. Я прыйшоў у банк, хацеў пакласці на рахунак 200 тысяч еўра. А мне адказалі: "Прабачце, гэта грошы з "Альфа-банка", ён цяпер пад санкцыямі, мы не можам адкрыць вам рахунак і прыняць вашы грошы".
Я наогул не разумею, якая розніца, з якога банка я іх прынёс. Ясная рэч, што я жыў у Беларусі і мне трэба было карыстацца нейкім банкам!
Такая ж гісторыя і з маімі сябрамі: прадалі машыну ў Беларусі, перавезлі грошы ў Літву, паклалі на рахунак, а потым ім патэлефанавалі з банка і сказалі, што рахунак трэба закрыць, а грошы забраць.
Наогул, любы адэкватны чалавек будзе дрэнна ставіцца да таго, што цяпер адбываецца з беларусамі ў Літве, у тым ліку і я. Да выбараў прэзідэнта Літвы нам расказвалі, што ўсе гэтыя размовы — проста для атрымання палітычных балаў. Тады чаму гэта працягваецца дагэтуль?
Літоўцы таксама не разумеюць, навошта ўводзіць абмежаванні і выганяць людзей. Усе ведаюць, што ў беларусаў ёсць грошы, яны плацяць падаткі. Хаця многія літоўцы і не ў курсе навінаў, але, калі з імі пагаварыць і паглыбіць у сітуацыю, — яны становяцца на бок беларусаў.
За апошні год вельмі шмат маіх знаёмых пераехала з Літвы. У асноўным у Польшчу, але ёсць і тыя, хто выбірае Іспанію ці Партугалію. А некаторыя ўвогуле вяртаюцца ў Беларусь. Ды мы і самі з жонкай ужо абмяркоўваем пераезд у краіну, дзе няма такіх дзіўных законаў.
Крысціна, 29 гадоў
Я жыву ў Вільні амаль два гады. Сабралася за некалькі дзён і імгненна з'ехала — людзі з органаў папярэдзілі, што з дня на дзень да мяне ў дзверы павінны пастукаць.
Я выехала з гуманітарнай візай, а калі яна скончылася, літоўцы адмянілі такую опцыю, як віза чакання. І я стала нелегалам!
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.