Рашэнне прадузятае і неабгрунтаванае — Баскаў пракаментаваў санкцыі МАК
Дзмітрый Баскаў і Віктар Лукашэнка / з архіву БЕЛТА
Рашэнне аб часовым адхіленні беларускіх спартыўных чыноўнікаў ад удзелу ў мерапрыемствах пад эгідай Міжнароднага алімпійскага камітэта (МАК) "носіць перадузяты і неабгрунтаваны характар", заявіў у інтэрв'ю Tribuna.com старшыня Беларускай федэрацыі хакея Дзмітрый Баскаў.
"Упэўнены, шмат у чым яно было прадыктавана знешнім палітычным ціскам, які аказваецца цяпер не толькі на саму Беларусь, але і на шматлікіх яе партнёраў, у тым ліку і на міжнародную спартыўную супольнасць", — мяркуе ён.
Баскаў з'яўляецца таксама сябрам НАК. 7 снежня стала вядома, што Міжнародны алімпійскі камітэт адхіліў ад Алімпіяды і ўсіх сваіх мерапрыемстваў увесь выканкам беларускага НАК, уключаючы Аляксандра і Віктара Лукашэнку. А Баскава адхілілі яшчэ "і з улікам канкрэтных абвінавачванняў, вылучаных супраць яго". Гэта падчас размовы з журналістамі асабліва падкрэсліў прэзідэнт МАК Томас Бах. Гаворка ідзе пра гісторыю на "Плошчы Перамен", вынікам якой стала смерць аднаго з удзельнікаў пратэсту Рамана Бандарэнкі. Баскава падазраюць у тым, што ён быў у дварах на вуліцы Чарвякова, калі затрымалі Бандарэнку.
Па словах Баскава, ён "упэўнены, што НАК Беларусі зможа абараніць інтарэсы ўсіх беларускіх спартсменаў і першых асоб арганізацыі".
Раней з каментарамі з нагоды рашэння МАК выступілі Нацыянальны алімпійскі камітэт і Аляксандр Лукашэнка. Беларускія спартыўныя чыноўнікі назвалі пазіцыю МАК "прадузятай, заснаванай на ангажаваным і павярхоўным вывучэнні сітуацыі ў Рэспубліцы Беларусь". А Лукашэнка прыгразіў кіраўніку МАК Томасу Баху "і бандзе" судом.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.