Расія хоча перадаць Беларусі ядзерную зброю — і што цяпер? Тлумачым

Адказваем на ўсе пытанні, якія ў вас маглі паўстаць пасля заявы Уладзіміра Пуціна / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Адказваем на ўсе пытанні, якія ў вас маглі паўстаць пасля заявы Уладзіміра Пуціна / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

Ці стала Беларусь ядзернай дзяржавай? Не. Ці парушыць Расія дамову аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі, калі перамесціць свае боегалоўкі ў Беларусь? Зноў не.

Еўрарадыё сабрала галоўныя пытанні, якія ў вас маглі ўзнікнуць пасля заявы прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна аб планах перадаць Беларусі тактычную ядзерную зброю. Мы задалі іх Паўлу Слюнькіну, аналітыку Еўрапейскага савета па міжнародных адносінах і экс-супрацоўніку МЗС Беларусі.

— Усё, што мы будзем абмяркоўваць — гэта вельмі гіпатэтычны сцэнар. Таму што ўсе нашы здагадкі заснаваныя на словах Уладзіміра Пуціна пра тое, што ён плануе перадаць у Беларусь ядзерную зброю, — падкрэслівае Слюнькін.  — А гэта не той чалавек, які адказна ставіцца да сваіх слоў. І тое, што ён цяпер кажа, можа быць проста рытарычным прыёмам і спробай шантажаваць заходніх партнёраў.
 

Прапаганда кажа, што мы цяпер "ядзерная дзяржава". Гэта праўда?

— Адна толькі заява Уладзіміра Пуціна аб намерах не робіць нас ядзернай дзяржавай. Нават калі б ён сапраўды ўвёў на тэрыторыю Беларусі сваю зброю, але пры гэтым цалкам яе кантраляваў, то і гэта не рабіла б з Беларусі ядзернай дзяржавы.

Россия хочет передать Беларуси ядерное оружие — и что теперь? Объясняем
"Пуцін не той чалавек, які адказна ставіцца да сваіх слоў" / GETTY IMAGES

Гэтак жа як амерыканская ядзерная зброя на тэрыторыі некаторых еўрапейскіх краін не робіць з іх ядзерных дзяржаў.

А што тычыцца прапаганды, дык яны пачалі называць Беларусь ядзернай дзяржавай яшчэ пасьля таго, як у нас вырашылі будаваць атамную электрастанцыю. Ужо тады гучалі тыя ж наратывы. Гэта смешна. Або сумна — на ваш выбар.
 

Расія парушае Дамову аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі?

— Тут ёсць розныя меркаванні юрыстаў. Савецкі падыход: так, гэта парушэнне. Прыхільнікі гэтага падыходу заўсёды крытыкавалі ЗША, лічачы, што перадача ядзернай зброі іншым краінам нават без перадачы кантролю над ім супярэчыць духу дамоўленасці.

Расія раней не выводзіла сваю ядзерную зброю за межы ўласнай тэрыторыі. Але цяпер яны вырашылі рабіць тое, што робяць ЗША. Калі мы будзем казаць, што гэта парушэнне, то трэба прызнаваць, што і ЗША парушалі дамову.

Кансенсусу тут няма. Я б сказаў, што большасць краін не ўспрымаюць такія дзеянні як парушэнне дамовы.

Але ёсць юрысты, якія адстойваюць супрацьлеглы пункт гледжання.
 

Што павінна адбыцца, каб Беларусь сапраўды стала "ядзернай дзяржавай"?

— Трэба, каб у яе была свая ядзерная зброя. Тут ёсць два шляхі. Першы — ты распрацоўваеш уласную ядзерную зброю, як гэта робіць, да прыкладу, Іран, які за гэта трапіў пад санкцыі. Беларусь гэтым шляхам, прынамсі, цяпер не ідзе.

Другі шлях — калі табе даюць гэтую ядзерную зброю. Легальна або нелегальна. Гэта парушыла б абавязацельствы як Расіі, так і Беларусі па дамове аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі. Пакуль што яны з гэтай дамовы не выйшлі, і нават на публічным узроўні прытрымліваюцца пазіцыі, маўляў, гэта недапушчальна.

Не так даўно Сі Цзіньпін прыязджаў з візітам у Маскву, дзе Расія і КНР падпісалі сумесную заяву. Сярод іншага ў ёй гаворыцца, што яны заклікаюць трэція краіны не размяшчаць сваю ядзерную зброю па-за сваімі межамі. А тых, хто гэта ўжо зрабіў, заклікаюць вывесці сваю ядзерную зброю. Зразумела, што гэта намёк на ЗША, якія сваю ядзерную зброю захоўваюць і па-за межамі сваіх тэрыторый.

Россия хочет передать Беларуси ядерное оружие — и что теперь? Объясняем
Перамовы Пуціна і Сі Цзіньпіна ў Маскве / ALEKSEY MAYSHEV/TASS

Дарэчы, глядзіце — прайшоў тыдзень пасля гэтай заявы, а Уладзімір Пуцін ужо сам супярэчыць таму, да чаго заклікаў.
 

А калі Пуцін возьме ды перадасць Лукашэнку кантроль над ядзернай зброяй?

— Не перадасць. Я не бачу варыянтаў, пры якіх Уладзімір Пуцін аддаў бы сваю галоўную зброю, галоўны актыў расійскага рэжыму.

Калі б у іх не было ядзернай зброі, я думаю, канфлікт ва Украіне развіваўся б нашмат хутчэй — і не на карысць Расіі. Адказ заходніх краін быў бы нашмат больш смелым і моцным.

Вельмі цяжка ўявіць, што Пуцін аддасць частку гэтай зброі Аляксандру Лукашэнку. Для чаго дзяліцца сваім, чымсьці настолькі важным, з кімсьці яшчэ, падвышаючы яго значнасць? Гэта не ў інтарэсах Расіі. Нашмат цікавей для яе — захоўваць гэты кантроль.
 

А Лукашэнку наогул гэта трэба?

— Я не ведаю. Але калі б Лукашэнка вельмі ўжо не хацеў гэтай зброі, наўрад ці б ён увесь час пра гэта гаварыў. А ён як мінімум некалькі разоў публічна заклікаў Уладзіміра Пуціна гэта зрабіць.

Так, напэўна, ён хацеў папужаць заходнія краіны, пашантажаваць іх, каб яны, разумеючы, што можа стаць яшчэ горш, вырашылі весці з ім дыялог зараз. Гэта даволі стандартная тактыка Аляксандра Лукашэнкі — ён дзесяцігоддзямі гэтым займаўся на заходнім вектары.

Россия хочет передать Беларуси ядерное оружие — и что теперь? Объясняем
Уладзімір Пуцін і Аляксандр Лукашэнка / kremlin.ru

Яго асабістыя інтарэсы цяпер могуць вельмі моцна супярэчыць інтарэсам грамадства. Безумоўна, калі ты ўводзіш ядзерную зброю на сваю тэрыторыю і не кантралюеш яе, твая краіна становіцца адной з цэляў магчымага ўдару, ядзернага ці не. Гэта важны стратэгічны аб'ект, на які будзе накіраваны адказ.

Калі зброю завязуць, яе завязуць разам са спецыялістамі. Гэта значыць, з расійскімі афіцэрамі і вайскоўцамі. Яны будуць ахоўваць, працаваць на інфраструктуры гэтай ядзернай зброі, а гэта павялічыць колькасць расійскага ваеннага персаналу.

Калі ты не кантралюеш гэты аб'ект, гэта значыць, што твой партнёр можа яго выкарыстоўваць, нават не кансультуючыся з табой. Як з вучэннямі, калі расійскім войскам дазволілі ўвайсці на тэрыторыю Беларусі.

Я не ведаю напэўна, ці ведаў Аляксандр Лукашэнка пра планы Расіі напасці на Украіну. Але ўявіце сітуацыю: яго не папярэдзілі. І што ён зробіць з расійскімі войскамі? Яны ўжо зайшлі, атакавалі Украіну — і ў яго ні пра што не пытаюцца. Тое ж самае можа быць з ядзернай зброяй.

Я не магу сказаць, ці зацікаўлены цяпер Аляксандр Лукашэнка ў перадачы яму гэтай зброі. Ці гэта вымушаная згода, бо ён застаўся ва ўладзе толькі дзякуючы Пуціну? Ці ён праўда вырашыў такім вось чынам пагуляцца ў халодную вайну?

Цалкам магчыма, што ён бачыць гэтую сітуацыю як "вайну за ўсё" і экзістэнцыяльную пагрозу для сябе. І можа думаць, што ядзерная зброя на тэрыторыі краіны памяншае імавернасць таго, што ўкраінцы, "палкі Каліноўскага" або хто-небудзь яшчэ будуць спрабаваць вызваліць Беларусь ад яго рэжыму.
 

Але чаму Пуцін вырашыў перадаць ядзерную зброю Беларусі толькі зараз?

— Ва Уладзіміра Пуціна засталося не так шмат інструментаў ціску. Спрабаваў палохаць "халоднай зімой" — не атрымалася. Спрабаваў шантажаваць сусветным голадам — таксама не ўдалося. І акупаваць Украіну, выкарыстоўваючы канвенцыянальную зброю, таксама не атрымалася. Застаецца ядзерная эскалацыя.

Магчыма, такім чынам Пуцін спрабуе ўплываць і на грамадскую думку людзей у краінах Захаду. Адна справа — танкі паслаць. Іншая справа — калі пужаюць ядзернай зброяй. Тут грамадства можа задумацца, ці не прагаласаваць на выбарах за кандыдата, які будзе менш падтрымліваць Украіну.

Калі стаўкі так павышаюцца, грамадства можа задумацца: а ці варта заходзіць гэтак далёка? І, магчыма, такімі ўкідамі Пуцін спрабуе запалохаць грамадства. У яго асабліва і выбару не застаецца. Таму ён выкарыстоўвае ядзерны шантаж.

Відавочна, што ў Пуціна няма добрых выхадаў з сітуацыі найбліжэйшым часам. Ці здолее Расія вытрымаць украінскае контрнаступленне? Таксама незразумела. Таму прасцей паспрабаваць прымусіць тых, хто дапамагае Украіне, часцей гаварыць пра перамовы. І на дыпламатычным кірунку ў Расіі зараз будзе больш шанцаў нешта сабе вытаргаваць.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі