Расія праводзіць масіраваную атаку на Украіну ракетамі і беспілотнікамі
Пашкоджаны жылы дом у Адэсе
29 снежня Расія праводзіць масіраваную атаку на Украіну крылатымі ракетамі і беспілотнікамі. Удары па ўкраінскіх гарадах наносіліся ўначы, яны працягваюцца і раніцай. Паветраная трывога аб'яўлена па ўсёй краіне. Выбухі чулі жыхары Адэсы, Дняпра, Кіева, Харкава, Львова, Запарожжа, іншых гарадоў.
Паводле папярэдняй іфармацыі, па Харкаве ўдар быў нанесены звышгукавымі крылатымі ракетамі Х-22 і ракетамі з комплексу С-300. З-за абстрэлу з'явіліся праблемы з падачай электрычнасці для грамадскага транспарту. У горадзе часова пусцілі ў дзеянне тралейбусы на аўтаномным хаду. Пашкоджаны будынак бальніцы. Адзін чалавек загінуў, паведамляе hromadske.ua.
У Кіеве ў Падольскім раёне загарэўся склад. У некалькіх раёнах аскепкі закранулі жылыя дамы. Пашкоджана адна са станцый метро. Ёсць загінулы. У Львове на адным з аб'ектаў крытычнай інфраструктуры ўзнік пажар. Ёсць патрапленні і ў жылыя дамы, ліцэй, вядома пра загінулага і параненых. Агулам Львоўскую вобласць атакавалі каля дзясятка "шахедаў". У Сумскай вобласці быў ракетны ўдар па Канатопе, пашкоджаны шматкватэрны будынак і станцыя тэхнічнага абслугоўвання аўтамабіляў, загарэлася адна машына. Тры чалавекі траўмаваныя. У Дняпры пажар у гандлёвым цэнтры. Ёсць загінулыя. У Адэсе аскепкі збітага беспілотніка ўпалі на шматпавярховы дом, пачаўся пажар. Таксама ёсць загінулыя.
Сёння Расія запускала ўсё, акрамя "Калібраў", заявіў прэс-сакратар украінскіх Паветраных сіл Юрый Ігнат. "Столькі цэляў адначасова на нашым маніторы мы яшчэ не бачылі з пачатку вайны", — дадаў ён.
Было выпушчана каля 110 ракет, большую частку з іх збілі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.