Расія ў акопах: як ЗША, Чэхія і Украіна апалчыліся на Маскву

Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн, афіцыйная прадстаўніца МЗС РФ Марыя Захарава і прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі / калаж Еўрарадыё
Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн, афіцыйная прадстаўніца МЗС РФ Марыя Захарава і прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі / калаж Еўрарадыё

"Расія павінна ўстрымлівацца ад дзейнасці, якая пагражае бяспецы і стабільнасці ў Еўропе і супярэчыць міжнародным абавязацельствам РФ", — заявіў кіраўнік еўрапейскай дыпламатыі Жазэп Барэль позна ўвечары 21 красавіка. На выказванні дыпламата ўжо ў традыцыйнай манеры "хто абзываецца, той сам так называецца" адрэагавала прадстаўніца МЗС РФ Марыя Захарава.

Сёння Масква сварыцца не толькі з Бруселем, але і адначасова з Прагай, Кіевам і Вашынгтонам. Еўрарадыё расказвае, што адбываецца.

 

Украіна: танкі на мяжы, караблі ў Чорным моры

Перастрэлкі паміж прарасійскімі сепаратыстамі і ўкраінскай арміяй адбываюцца ўсё часцей. Выконваць замірэнне, нават часовае, у бакоў не атрымліваецца.

Напружанасць уздоўж лініі развядзення войскаў расце. У пачатку красавіка Кіеў заявіў пра нарошчванне расійскіх войскаў на мяжы з Украінай. Па звестках украінскага боку, там былі размешчаны больш за 80 тысяч вайскоўцаў. Ацаніць сітуацыю дазваляюць спадарожнікавыя здымкі, нядаўна апублікаваныя The Wall Street Journal: мноства танкаў і самалётаў пад Варонежам — за пару сотняў кіламетраў ад украінскай мяжы.

Масква гэты факт нават не абвяргала. Маўляў, праводзяцца вучэнні. І наогул, па сваёй тэрыторыі Расія мае права перакідваць войскі як заўгодна.

Ва Украіне сёння сур'ёзна гавораць пра магчымасць поўнамаштабнай вайны з Расіяй. Прэзідэнт Уладзімір Зяленскі ўжо прапанаваў Уладзіміру Пуціну сустрэцца непасрэдна на Данбасе. У Крамлі на гэта адказалі: афіцыйнага запыту на сустрэчу не было, але мы пачулі.

Яшчэ больш напружанасці ў дачыненні краін дадало затрыманне ўкраінскага консула ў Санкт-Пецярбургу 17 красавіка — яго абвінавацілі ў зборы "закрытай інфармацыі" і "недружалюбным стаўленні" да РФ. Неўзабаве дыпламата адпусцілі, ён вярнуўся ва Украіну.

22 красавіка кіраўнік Мінабароны РФ Сяргей Шайгу заявіў пра заканчэнне "праверкі" войскаў і пра вяртанне часцей у месцы пастаяннай дыслакацыі. Але пакуль гэта проста заява. Ці пачнуць адыходзіць войскі і тэхніка ад межаў з Украінай, будзе зразумела ў канцы тыдня.

Заходнія краіны занепакоеныя паводзінамі афіцыйнай Масквы. Гэта стала адной з падстаў для абвастрэння канфлікту з ЗША, якія ўжо паабяцалі дапамогу Украіне. Пра гэта — далей.

 

ЗША: ад "Пуцін — забойца" да адклікання амбасадара "для кансультацый"

У пачатку сакавіка Вашынгтон увёў персанальныя санкцыі супраць шэрагу расійскіх чыноўнікаў — гэта была запозненая рэакцыя на атручванне Навальнага. На гэтых абмежаваннях ЗША не спыніліся: падлілі алею ў агонь выказванні прэзідэнта краіны.

"Ага, так", — так Джо Байдэн у сярэдзіне сакавіка адказаў на пытанне, ці лічыць ён Пуціна забойцам. Ужо на наступны дзень Пуцін парыраваў дзіцячай прымаўкай: "Хто абзываецца — той сам так называецца". Нягледзячы на карцінна іранічную пазіцыю Крамля, расійская прапаганда дала па Байдэне "залп з усіх гармат", адначасна абвінавачваючы ЗША ва ўсіх бедах чалавецтва.

Паралельна амерыканскаму амбасадару рэкамендавалі пакінуць Расію —  "для кансультацыі". Ён выехаў з рэзідэнцыі 22 красавіка. Яшчэ дзесяцярых супрацоўнікаў выслалі раней — і гэта ўжо была не "рэкамендацыя".

Россия в окопах: как США, Чехия и Украина ополчились на Москву
Адносіны Масквы і Вашынгтона сёння складана назваць сяброўскімі / Коммерсант

Днямі ЗША ўвялі супраць Расіі новыя санкцыі — у дачыненні да расійскіх аблігацый федэральнай пазыкі. Самі па сабе яны не вельмі страшныя і не асабліва ўплываюць на фінансавую сістэму РФ. Але Вашынгтон гатовы пашыраць іх. І рэйтынгавыя агенцтвы лічаць, што гэта будзе больш адчувальна.

Таксама ЗША паабяцалі падтрымаць Украіну ў выпадку расійскай агрэсіі, як і іншыя краіны НАТА. Напрыклад, караблі альянсу ўвайшлі ў Чорнае мора, а прэзідэнт Турцыі Рэджэп Эрдаган публічна назваў Крым анексаваным. Пасля гэтага (выпадковае супадзенне) Расія на 45 дзён забараніла авіязносіны з Турцыяй.

Сітуацыя ў адносінах паміж Расіяй і НАТА ў цэлым стала яшчэ складанейшай пасля "чэшскага кейса".

 

Чэхія: Пятроў і Башыраў супраць усіх

Адносіны з Прагай у Масквы і так былі не самымі лепшымі, але ў асноўным спрэчкі круціліся вакол зносу савецкіх помнікаў. 17 красавіка 2021 года Прага пайшла на адкрыты канфлікт.

Як заявілі ў Чэхіі, супрацоўнікі расійскай вайсковай выведкі датычныя да выбухаў на складах боепрыпасаў у Врбеціцы, якія адбыліся ў 2014 годзе. Прычым абвінавачваюцца ў гэтым не проста нейкія супрацоўнікі ГРУ, а тыя самыя Аляксандр Пятроў і Руслан Башыраў, якіх называюць датычнымі да атручвання "Навічком" Сяргея і Юліі Скрыпаляў.

Россия в окопах: как США, Чехия и Украина ополчились на Москву
Адзінае інтэрв'ю, якое калі-небудзь давалі Пятроў і Башыраў, — кіраўніку RT і Sputnik Маргарыце Сіманьян

Склад быў прыватны, ён належаў кампаніі Imex Group. Боепрыпасы прызначаліся для Балгарыі, пасля чаго павінны былі быць прададзеныя ва Украіну і Сірыю. Цікава, што праз год пасля выбуху хтосьці спрабаваў атруціць уладальніка гэтай балгарскай кампаніі — магчыма, таксама "Навічком".

Назваць тое, што адбылося, тэрактам або нападам улады Чэхіі адмовіліся, але ў вышук Пятрова і Башырава абвясцілі. Таксама Прага выслала з краіны амаль два дзясяткі расійскіх дыпламатаў і заявіла, што гатовая скараціць іх колькасць да аднаго. Кіруючыся прынцыпам узаемнасці, аналагічнымі крокамі адказвае Масква.

Расія ад гэтага супрацьстаяння ўжо панесла большыя страты, чым ад сварак з Украінай ці ЗША. "Расатам" страціў магчымасць удзельнічаць у шматмільярдным тэндары. Акрамя таго, Чэхія адмовілася ад закупак расійскай вакцыны ад каранавіруса.

Скандал з Чэхіяй атрымаў і яшчэ адно палітычнае вымярэнне — нечаканае. Прадстаўніца МЗС РФ Марыя Захарава заявіла, што гучнымі заявамі Прага спрабуе адцягнуць увагу ад гісторыі з "замахам на Лукашэнку".

 

Беларусь — апошні хаўруснік

У святле гэтых падзей Беларусь сёння застаецца ледзь не апошнім еўрапейскім хаўруснікам Расіі. Напрыклад, беларускае МЗС ужо паспела асудзіць амерыканскія санкцыі супраць РФ. Праўда, па ўкраінскім і чэшскім пытаннях такіх вострых заяў пакуль не было.

Масква адказвае ўзаемнасцю. На гісторыю з "замахам на Лукашэнку" звярнуў увагу ў пасланні Федэральнаму сходу Уладзімір Пуцін. А прэс-сакратар Крамля Дзмітрый Пяскоў і зусім звязаў бяспеку і суверэнітэт дзвюх краін.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі