"Расія занятая і не зможа падтрымліваць Беларусь": самы час дыстанцыявацца
Лукашэнка і Пуцін вядуць эканомікі Беларусі і Расіі да аўтаркіі / Reuters
Пакуль Расія занятая Украінай, Беларусі варта дыстанцыявацца ад яе, як гэта робіць Казахстан. Бо пабудаваць паспяховую эканоміку ў ізаляцыі немагчыма, лічыць кіраўнічы партнёр інвестыцыйнай кампаніі Movchan's Group, экс-дырэктар праграмы "Эканамічная палітыка" Маскоўскага цэнтра Карнегі Андрэй Моўчан.
Як сябры Расіі пераарыентуюцца на Кітай і чаму за лозунгамі ўладаў пра тое, што санкцыі робяць эканоміку мацнейшай, нічога няма, эксперт расказаў на анлайн-панэлі KEF.
"Расія не зможа падтрымліваць Беларусь"
Дыстанцыяванне Беларусі ад Расіі цалкам залежыць ад палітычнай волі. У Казахстана і каўказскіх краін атрымліваецца гэта рабіць, але ва ўладаў Беларусі зусім іншыя мэты, адзначае Андрэй Моўчан.
— Можа быць, цяпер для гэтага самы лепшы момант, таму што Расія занятая Украінай і проста не зможа падтрымліваць Беларусь. Але палітычнае рашэнне — быць побач з Расіяй.
Многія іншыя краіны больш асцярожныя ў гэтым плане. Казахстан гуляе ўласную гульню і гатовы весці перамовы з Кітаем пра больш цеснае ўзаемадзеянне. Казахстан паступова адыходзіць ад Расіі. Вядома, гэта адбываецца вельмі мякка, павольна. Таксама краіны на Каўказе гуляюць ва ўласныя гульні. Лагістычныя ланцужкі з Кітая ў Еўропу выстройваюцца ў абыход Расіі. І краіны на Каўказе, вядома, будуць выступаць звёнамі такога ланцужка.
Наконт ізаляцыі ад свету ў беларускіх і расійскіх уладаў рыторыка прыкладна аднолькавая: санкцыі робяць эканоміку мацнейшай, усё можна імпартазамясціць. Аднак так сучасная эканоміка не працуе.
— Да гэтага падобнае ніколі не спрацоўвала. Ні адна аўтаркія, ніякія ўварванні не дапамагалі сістэме квітнець. Не было ніякіх такіх устойлівых сістэм. Аўтарытарная кітайская эканоміка даволі квітнеючая. І квітнее яна толькі таму, што яна адкрытая ўсяму свету. Кітай галоўны пастаўшчык паслуг у Еўропу і Амерыку. Еўропа асноўны пастаўшчык у Кітай.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.