Расіяне папрасілі беларусаў растлумачыць з'яўленне "беларускай папаі"
Рассельгаснагляд звярнуўся ў міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі з просьбай растлумачыць паходжанне папаі, а таксама цытрусавых і бахчавых, якія прывозяць з нашай краіны. У паведамленні гаворыцца, што пастаўкі салаты-латук, цытрусавых, бахчавых, папаі, яблыкаў і іншай прадукцыі беларускага паходжання ўзраслі больш чым у два разы. Рассельгаснагляд звяртае ўвагу на тое, што "вырабленую" ў Беларусі прадукцыю пастаўлялі ў нехарактэрны перыяд выспявання.
Таксама ведамства паведамляе, што беларускія клубніцы, ажыны і маліны маюць статус паходжання з трэціх краін. У яго паведамленні адзначаецца, што "з мэтай абароны тэрыторыі Расійскай Федэрацыі ад заносу і акліматызацыі шкодных арганізмаў з улікам рызык, звязаных з увозам падкаранціннай прадукцыі "сумніўнага" паходжання Рассельгаснагляд зноў звярнуўся ў адрас Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь па гэтым пытанні".