Расіяніну дазволілі прадаць скрадзеную ў беларуса машыну

«Аўдзі-80» мінчаніна Пятра Мальца знайшлі ў Ніжагародскай вобласці і паставілі на штрафстаянку. Але пакуль вялася крымінальная справа, расійскія міліцыянты дапамаглі цішком прадаць скрадзеную машыну.  Машыну ў будаўніка Пятра Мальца скралі ў кастрычніку 2003 года. Беларускі гаспадар не паездзіў на ёй і месяц. На аўтамабілі стаяла заводская сігналізацыя, а новую усталяваць не паспелі, бо аддалі на пакупку аўто ўсе сямейныя грошы - 5600 долараў ЗША.

«Машыну прыпаркавалі на стаянцы каля гасцініцы «Алмаз» па вуліцы Герасіменкі, - расказвае пра абставіны крадзяжу Наталля, жонка Пятра Мальца. - Муж прыехаў туды, каб аформіць свайго калегу на пражыванне ў гасцініцы. Працэдура заняла ўсяго 10 хвілін. Муж выйшаў з гасцініцы –  а машыны няма. Была аб'яўлена аперацыя «Перахоп», Але вынікаў яна не дала».

Неўзабаве, праз год і тры месяцы, тая самая «Аўдзі-80» знайшлася у Ніжагародскай вобласці. Расійскія міліцыянты канфіскавалі яе ў жыхара горада Навышына Сяргея Акімава, які спрабаваў паставіць аўто на ўлік. Нумар на рухавіку быў перабіты. Аўто паставілі на штрафстаянку, усе дакументы ў новага гаспадара забралі. Міліцыянтам Акімаў паведаміў, што набыў «Аўдзі-80» на Люберцкім рынку ў Маскве.

Усцешаным навінай Мальцам паведамілі, што іх аўтамабіль у ідэальным стане, але вяртаць сям'і машыну расійскі бок не спяшаўся. Для гэтага патрабавалася так званае міжнароднае даручэнне, якое даслалі кампетэнтныя супрацоўнікі Заводскага РУУС Мінска. Але даручэнне да расійскага Міністэрства юстыцыі па невядомых прычынах не дайшло, давялося адпраўляць паўторнае.

Тым часам супрацоўнікі Канавенскага РАУС Ніжняга Ноўгарада, якое займалася беларускай машынай, аддалі аўто на адказнае захоўванне таму самаму новаму гаспадару Сяргею Акімаву…і больш «Аўдзі-80» не бачылі.

«Высветлілася, што ўладальнік аўтамабіля Акімаў прадаў гэтую машыну незнаёмым асобам, - кажа Наталля. - Хоць у крымінальнай справе ёсць распіска, дзе напісана, што ён прымае аўтамабіль на так званае адказнае захоўванне і абавязаны вярнуць машыну па першым патрабаванні аддзела ўнутраных спраў».


За продаж скрадзенага аўтамабіля Сяргея Акімава мусілі пакараць турмой. Але з матэрыялаў крымінальнай справы знікла яшчэ адна важная папера, якая сведчыла пра тое, што Акімава папярэдзілі аб крымінальнай адказнасці за продаж аўто. Такім чынам, вярнуць беларускую машыну на Радзіму не атрымалася.

«І ўсё, на гэтым справа спынілася, - працягвае Наталля. - Як сказалі нашыя следчыя, калі раптам знойдуць угоншчыкаў, то пакуль тыя будуць сядзець у турме, з іх будуць утрымліваць грошы. Але ўгоншчыкаў не знайшлі і сёння».

Прыцягваць да адказнасці расійскіх міліцыянтаў, якія па сутнасці дапамаглі Акімаву прадаць «Аўдзі-80», таксама не сталі. 
Наталля не разумее, чаму дагэтуль на волі Акімаў і міліцыянты, якія яму дапамаглі

У Заводскім РУУС Мінска паведамілі, што паўплываць на расійскіх калегаў яны не могуць. А начальства галоўнага ўпраўлення ўнутраных спраў па Ніжагародскай вобласці, дзе сёння знаходзіцца крымінальная справа, размаўляць з журналістамі адмаўляецца. Сам Акімаў засакрэціў свой нумар для даведачных службаў.

Так беларуская сям'я Мальцаў не можа вярнуць сваё «Аўдзі» ўжо больш за 6 гадоў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі