Расійскі рубель “адскочыў”, долар і еўра спынілі рост. Надоўга?

Расійскі рубель “адскочыў”, долар і еўра спынілі рост. Надоўга?

24 жніўня таргі на Беларускай валютна-фондавай біржы скончыліся паніжэннем курса долара і еўра. Расійскі рубель, наадварот, падаражэў. Якімі падзеямі гэта тлумачыцца і чаго чакаць далей, тлумачыць старшы аналітык кампаніі “Альпары” Вадзім Іосуб.

“Насамрэч, нічога незвычайнага не адбылося. Учора, на самым пачатку таргоў у Расіі, расійскі рубель працягваў вельмі моцна зніжацца. Долар дасягнуў адзнакі ў 69 рублёў, упершыню з красавіка 2016 года, — патлумачыў аналітык. — Акрамя таго, расійскі рубель знаходзіўся пад моцным ціскам санкцый: старых, новых, тых, якія абмяркоўваюцца, і гэтак далей. Дарэчы, уплыў быў звязаны і з Трампам, а таксама ўмяшальніцтвам Расіі ў амерыканскія выбары.

Таксама ў Расіі існуе асобная тэма, якая завецца "бюджэтнае правіла". Сутнасць у тым, што калі цана на нафту на сусветных рынках перавышае $40, то валютную выручку, якую атрымоўваюць нафтавыя экспарцёры за кошт перавышэння фактычнага кошту па-над 40 доларамі, набывае ў Расіі Цэнтрабанк на карысць Мінфіна. Гэта робіцца, каб на расійскі рынак не патрапіла зашмат долараў, і гэта не прыводзіла да занадта моцнага ўмацавання расійскага рубля. Прычым, чым больш каштуе нафта, тым больш грошаў набывае ЦБ і складвае ў "кубышку" Мінфіна.

Калі ў Расіі пачалася моцная валацільнасць на мінулым тыдні з-за новых санкцый, пачаўся рэзкі рост курса долара, расійскі ЦБ на тыдзень прыпыніў набыццё валюты. А на пачатку гэтага тыдня набыццё валюты аднавілася, прычым, яшчэ ў большых памерах, каб нагнаць тое, што ён не паспеў набыць на мінулым. У выніку курс долара паляцеў уверх.

І вось, учора, роўна а першай гадзіне, акурат, калі ў нас таргі скончыліся, расійскі ЦБ заявіў, што больш не будзе набываць валюту з-за "бюджэтнага правіла" да канца верасня. Амаль імгненна долар знізіўся, прыблізна з 69 да 67,5 рубля.  То бок, долар упаў, а рубель вырас. І гэта адбылося адразу пасля таго, як наша біржа зачынілася. Таму, суадносна, той рост які адбыўся ўчора, беларуская біржа адгуляла сёння. Таму яшчэ ўчора ўдзень можна было быць упэўненым, што расійскі рубель будзе расці, а еўра і долар — наадварот”.

Расійскі рубель “адскочыў”, долар і еўра спынілі рост. Надоўга?
Вадзім Іосуб. Фота: Еўрардыё

Ці ёсць падставы для далейшага ўмацавання рубля?

"Цяжка казаць, ці будзе такая тэндэнцыя, — працягвае Вадзім Іосуб. — Прычым, калі вы кажаце ў сваім пытанні пра звычайную сітуацыю, пра падзенне беларускага рубля разам з эканомікай, зменай кабінета міністраў і гэтак далей — гэтыя фактары ніяк не звязаныя. У нас адлюстроўваецца рост і падзенне долара да расійскага рубля. І пра гэта ў нас ніхто не пытаецца, усё адбываецца аўтаматычна.

Прагназаваць далейшую тэндэнцыю долара да расійскага рубля цяжка, таму што асноўны фактар — палітычны. Ці будуць уводзіцца новыя санкцыі, у якой форме і якія законапраекты будуць прынятыя, яшчэ невядома. Таксама, што будзе адбывацца з Трампам пасля апошніх падзей у амерыканскай палітыцы і ў сувязі з магчымым імпічментам. Верагодна, што ў сярэднетэрміновай перспектыве санкцыйны ціск на расійскі рубель ўсё ж-такі будзе узмацняцца, і рубель будзе зніжацца. Таму, суадносна, у нас будзе расці долар, будзе падаць рубель”.

Кошты замежных валют, вызначаныя 24 жніўня, наступныя: 1 еўра — 2,3753 рубля, 1 долар — 2,056 рубля, 100 расійскіх рублёў — 3,0327 беларускага рубля.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі