Расказвала французам пра беларусаў — факты пра Ніну Абрамчык
Ніна Абрамчык
Пра Ніну Абрамчык часцей успамінаюць як пра "жонку Мікалая Абрамчыка" — прэзідэнта Рады БНР у 1947—1970 гадах. Але Ніна цікавая і незалежна ад свайго мужа: яна актыўна займалася выдавецкай дзейнасцю і вывучала беларускую культуру ў эміграцыі. Каротка расказваем асноўнае пра гэтую выбітную гераіню з гісторыі Беларусі.
Настаўніца і эмігрантка
Ніна Ляўковіч (дзявочае прозвішча) нарадзілася 20 сакавіка 1916 — яна была зусім маленькай і падчас дзвюх рэвалюцый, і калі абвяшчалі незалежнасць БНР. Але яе з дзяцінства атачала беларушчына.
Скончыла Віленскую гімназію, вучылася ва ўніверсітэце і працавала настаўніцай на Пружаншчыне. Падчас вайны апынулася ў Берліне, дзе і пазнаёмілася з Мікалаем Абрамчыкам.
Займалася выдавецкай дзейнасцю
Разам з мужам Ніна Абрамчык выдавала ў Берліне кнігі. Напрыклад, яны апублікавалі Якуба Коласа і Ларысу Геніюш.
Акрамя гэтага, Ніна апрацоўвала і выдавала зборнікі беларускіх песень і вершаў, то-бок захоўвала і распаўсюджвала іх у Еўропе.
Сама Ніна Абрамчык таксама пісала і вершы, і апавяданні.
Даследчыца культуры
Яшчэ ў 1943-м Ніна разам з мужам пераехала ў Парыж. Там і засталася, вывучыла французскую мову.
Ужо ў канцы XX стагоддзя, пасля смерці мужа, Ніна Абрамчык займалася беларускай этнаграфіяй. У спецыялізаваных выданнях знайшліся яе працы на французскай мове, прысвечаныя беларускай культуры і этнаграфіі. Напрыклад, пра значэнне лёну ў беларускай культуры і аналіз вобразаў курыцы і яйка ў беларускіх казках і прымаўках.
Ніна Абрамчык зрабіла многае для развіцця беларушчыны ў эміграцыі, пры гэтым жывучы ў вельмі складаных умовах. Яна не заставалася ў цені вядомага мужа і рабіла тое, што лічыла важным.
Абрамчык памерла ў 2003 годзе. Яе магіла знаходзіцца ў Парыжы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.