Рэдактар Tut.by Дзмітрый Бобрык стаў падазраваным па "справе БЕЛТА"
27 жніўня ў Следчы камітэт выклікалі падазраваных па "справе БЕЛТА". Большасць з іх атрымалі пастановы аб часовым абмежаванні права на выезд з Беларусі. Як інфармуе партал Tut.by, гэта — рэдактары навінаў партала Галіна Уласік і Ганна Калтыгіна, журналіст Ганна Ермачонак, галоўны рэдактар інфармагенцтва БелаПАН Ірына Леўшына, журналіст Таццяна Каравенкова, а таксама Паўлюк Быкоўскі, карэспандэнт Deutsche Welle. Рэдактар Tut.by Дзмітрый Бобрык стаў падазраваным па "справе БЕЛТА". Да мінулай пятніцы ён быў сведкам. Яму таксама абмежавалі выезд.
Для галоўнага рэдактара партала Tut.by Марыны Золатавай выезд за мяжу не абмежаваны.
Следчы камітэт расследуе крымінальную справу пра незаконны доступ да платнай падпіскі дзяржаўнага інфармацыйнага агенцтва БЕЛТА. 7 жніўня адбыліся ператрусы ў офісах БелаПАН, Tut.by. Былі затрыманыя восем чалавек: Марына Золатава, Ганна Калтыгіна, Галіна Уласік, Ганна Ермачонак, Таццяна Каравянкова, Паўлюк Быкоўскі, Аляксей Жукаў, Ірына Леўшына. Усіх іх пасля вызвалілі.