Рэктар БДУ перанёс сустрэчу са студэнтамі перад “маршам любові і салідарнасці”
Рэктар Белдзяржуніверсітэта Сяргей Абламейка перанёс сустрэчу са студэнтамі ВНУ, якая павінна была адбыцца 2 снежня ў 13.30 у 433-й аўдыторыі галоўнага корпуса ўніверсітэта. На сайце БДУ пазначана, што сустрэча пераносіцца “у сувязі з заклікамі да супрацьпраўных дзеянняў і распаўсюджанай інфармацыяй пра магчымыя правакацыі” і “ў мэтах забеспячэння бяспекі студэнтаў”.
У гэты дзень студэнты планавалі зладзіць “марш любові і салідарнасці”, каб выказаць сваю нязгоду з увядзеннем ў БДУ аплаты за пераздачы залікаў і экзаменаў. Белдзяржуніверсітэт заставаўся апошняй навучальнай установай, дзе такую норму не ўводзілі. Нягледзячы на сабраныя шматлікія подпісы пад заявай студэнтаў, якія выступалі супраць такой навіны, кіраўніцтва БДУ не пайшло ім насустрач.
Фота: Onliner.by