Рэната Літвінава прадставіла лінію адзежы

Вядомы расійскі кінадраматург, рэжысёр, акторка Рэната Літвінава запусціла першую ўласную калекцыю адзежы «ZARINA & Рэната Літвінава». «Я заўсёды ў думках пераапранала рускіх жанчын, якія сустракаліся мне то ў метро, то на вуліцах, то ў тэатрах, ды дзе заўгодна, – кажа Літвінава. – Самыя прыгожыя, моцныя і эмацыйныя, яны самі прагнулі абароны... хоць бы рэчаў».

Паводле словаў кінадзівы, гэта далёка не першы яе досвед у галіне дызайну адзежы. Раней, як і шматлікія жанчыны, Літвінава перарабляла, перашывала набытыя сукенкі, кофтачкі і спадніцы, аддзіраючы непатрэбныя рушы, прыбіраючы паралонавыя плечыкі, робячы іх больш жаноцкімі, абцякальнымі.

У калекцыю ўвайшлі доўгія сукенкі, спадніцы-алоўкі, прамяністыя блузы, штаны-дудачкі, лёгкія плашчы, шыйныя хусткі, сонцаахоўныя акуляры ў рознакаляровых аправах, ёмістыя торбы, стыльныя валізкі. Таксама ў калекцыі з'явіўся амаль забыты, але вельмі жаноцкі аксэсуар – вэлюм.

Пры стварэнні ўсіх мадэляў выкарыстоўваюцца толькі натуральныя тканіны. Адценні колераў падабраныя ў кантрасце з чорным і шэрым.

Калекцыя «ZARINA & Рэната Літвінава» паступіць у продаж ужо ў красавіку і будзе даступная ва ўсіх крамах гандлёвай сеткі ZARINA.

Фота: www.hit.ck.ua 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі