Рэпартаж беларуса з самага бруднага паба Лондана

Карэспандэнткі Еўрарадыё пабывалі ў самым брудным пабе Лондана, даведаліся чым адрозніваецца ірландскі паб ад англійскага бару і дазналіся гісторыю стварэння першых пабаў. Ідучы, мяркуючы па чутках, у самы брудны паб Лондана пад назвай “У Бруднага Дзіка” (Dirty Dick’s), мы не чакалі пабачыць такую чысціню. Аднак мэнэджэр пабу Лоўгэн хутка нас супакоіў, паказаўшы рэшткі ката, які вісеў на сценцы. Кот быў сапраўдным. Як і гісторыя пабу, якой з намі падзяліўся Лоўгэн:

“У канцы 18 стагоддзя жыў джэнтэльмен па імені Натаніэль Бэнтлі. Ён быў вельмі вядомым і заможным і валодаў гэтым пабам. Ён сустрэў прыгожую дзяўчыну і вырашыў з ёй ажаніцца. Але напярэдадні вяселля яна памерла. Ён так пакутаваў, што замкнуў адзін пакой, дзе павінна было праходзіць святкаванне. І сказаў, што больш ніхто не зайдзе ў гэтую частку будынка. І туды ніхто не заходзіў каля 40 год. Сам Бэнтлі ніколі больш не мыўся, не праў сваё адзенне. Яго празвалі Брудны Дзік. У яго з’явілася така, я дурная слава, што людзі з усёй краіны прыязджалі, каб наведаць гэты паб. Так Бэнтлі памёр вельмі багатым”.

Сёння паб не выглядае такім дзікім. Аднак, па словах кіраўніцтва, установе збіраюцца вярнуць аўтэнтычны выгляд. Вядома, такая слава прываблівае наведвальнікаў. Але сотні звычайных ірландскіх пабаў, раскіданых па Лондане, таксама ніколі не пустуюць. І часта за гулам, які там стаіць, цяжка пачуць нават уласны голас. Сакрэт такіх пабаў, расказаў Фрэнк, мэнэджэр аднаго з іх пад назвай “О’Нілз”, у якасці абслугі:

Фрэнк: “Сэрвіс. Стандарты. Ірландскія бармэны навучаныя па спецыяльных тэхналогіях. Яны больш прафесіянальныя. Сэрвіс лепшы. Піва лепшае. Адносіны да кліентаў іншыя. І таму, што тут усё зроблена прафесійна, людзі вяртаюцца і ў нас пастаянна аншлаг. Але з іншага боку, тут можна расслабіцца. Учора наш паб проста разрываўся па швах. Было весела”.

Насамрэч, прызнаўся Фрэнк пабы гэтыя называюцца ірландскімі з нацяжкай. Нават музыка тут не заўсёды гучыць ірландская. Гэта хутчэй падробка, якая стварае патрэбную атмасферу.

Фрэнк: “Гэта ўвогуле не зусім ірландскія пабы, гэта пабы ў ірландскім стылі. А гэта розныя рэчы. Большасць персаналу тут – ірландцы. Музыку мы таксама павінны змешваць. Не можа пастаянна гучаць ірландская музыка. Як не можа быць толькі беларуская. Вы не пабачыце такіх пабаў у Ірландыі. Такія пабы, як мы кажам, даюць толькі ўяўленне пра ірландскія пабы. Гэта не сапраўдная ірландская рэч”.

Сёння мала хто ведае, але першыя пабы былі, уласна... стаянкамі для коняў. Працягвае Лоўгэн:

“Пабы ўтварыліся ад стаянак для коняў. Трэба было месца, дзе можна было спыніцца, накарміць каня, напаіць, альбо проста адпачыць. Каля гэтых станцыяў былі гатэлі, а таксама памяшканні са сталамі. Такія месцы часта знаходзіліся ўдалечыні ад цывілізацыі. Людзі бачыліся рэдка. Напрыклад, вы працуеце на сваёй ферме, я працую на сваёй, і ў нас няма магчымасці пабачыцца. І яны вырашылі, што лепшым месцам сустракацца будзе конная стаянка”.

На гэтых стаянках заўсёды прадавалася піва і эйл. Потым яны пераўтварыліся ў паўнавартасныя пабы. Сёння ў англійскіх пабах складаныя часы – крызіс. Піва купляюць менш. Аднак усё адно па ўсім Лондане ўвечары немагчыма знайсці ніводнага пабу, дзе было б пуста.








Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі