Вайцюшкевіч:Я лічу, што з культурнымі справамі варта лезці ўвогуле паўсюль!

Новы праект Змітра Вайцюшкевіча, які мае назву "Чара", уяўляе сабой шэраг песень на вершы шведскіх паэтаў Клемэтса, Леандуэра, Фростэнсан у перакладзе на беларускую мову.

"Можна параўнаць гэта з сундуком ці нейкай скрыняй, нейкім сасудам, – тлумачыць назву альбома Зміцер Вайцюшкевіч. – Гэтая паэзія для мяне акварэльна-экалагічная. Яна ў паветры, у ф’ёрдах, у хвалях, у ветры".


 


Прэзентацыя "Чары" ужо адбылася на адной з пляцовак Стакгольма – 2 чэрвеня музыканты сыгралі ў Паўночным тэатры ў цэнтры сталіцы.

"У адной з зал сабраўся музычны і літаратурны "цвет і свет", – перакладчыкі, паэты, музыканты. – распавядае Зміцер Вайцюшкевіч. - Як мне сказалі шведы, там была вельмі элітарная тусня".

Нягледзячы на тое, што шмат хто папярэджваў музыканта, маўляў, беларусы за мяжой нікому не патрэбныя і не варта туды лезці, Змітра гэта не спыніла.

Зміцер Вайцюшкевіч: "Я лічу, што з культурнымі справамі варта лезці ўвогуле паўсюль! Тым больш, выдатна шукаць такіх культурных паразуменняў менавіта ў Швецыі".




Большасць тэкстаў, якія абраў Зміцер для песень "Чары", ужо былі перакладзеныя беларускімі паэтамі. А вось у музычным плане новы альбом значна адрозніваецца ад папярэдніх дыскаў.

Зміцер Вайцюшкевіч: "Ужо 10 гадоў існуюць шведскія літаратурныя чытанні, і большасць гэтых тэкстаў ужо былі перакладзеныя раней, таму ў мяне быў выбар. Некаторыя з іх мне падыходзілі, некаторыя – не. Я патраціў некалькі гадоў, каб разабрацца з гэтым".



Амбасадар Швецыі ў Беларусі Стэфан Эрыксан задаволены вынікам сумеснай працы. Дарэчы, дыпламат напісаў прадмову да "Чары", а ў запісе аднаго з трэкаў паўдзельнічала яго дачка – Аляксандра Эрыксан.

Стэфан Эрыксан: "Гэта трохі іншы праект, у адрозненні ад папярэдніх праектаў Вайцюшкевіча. Але ў творчасці і трэба быць смелым! Шведская паэзія крыху нетрадыцыйная, нерыфмаваная. Я думаю, што некаторыя шведскія паэты нават і не верылі, што можна напісаць музыку па іх вершах. Зміцер даказаў, што гэта магчыма".

Стэфан Эрыксан

Ці будзе шведска-беларуская пласцінка "Чара" карыстацца такой жа папулярнасцю, як альбомы на вершы беларускіх паэтаў – не істотна, кажа Зміцер. Гэта іншы свет і гэтым ён цікавы.

Зміцер Вайцюшкевіч: "Мяне цікавіць ўсё новае, і я люблю ўсіх сваіх сааўтараў, усіх!!! Яны проста розныя – Дранько-Майсюк і Катарына Фростанс, напрыклад. Я можа і ўзяўся за гэты праект таму, што гэта іншае, таму што мне не хацелася паўтораў".

А пакуль "WZ-Orkiestra" спадзяецца праехаць з новымі канцэртамі па Швецыі.

"Паглядзім, нешта, можа, будзе ў верасні. У любым выпадку, мы гэты мост пабудавалі, а ўжо хто і як па ім паедзе, гэта не наша справа. Можна граць сотні канцэртаў, якія не матэрыялізуюцца ў плыту. Таму я вельмі рады, што мы гэты праект рэалізавалі".

Канцэрт суправаджала адмысловая відэаінсталяцыя, зробленая Андрэем Лянкевічам і Таццянай Гаўрыльчык.






 

Фота: Цімафей Скібенка

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі