33 звароты кандыдатаў у дэпутаты ад АГП не выйшлі ў эфір
Пра гэта падчас перадвыбарнага пікету пяці спікераў АГП заявіў лідар партыі Анатоль Лябедзька.
Як інфармуе БелаПАН, пікет АГП прайшоў увечары 13 верасня каля сталічнага гандлёвага цэнтра "Рыга". На ім прысутнічалі кандыдаты-спікеры АГП Анатоль Лябедзька, Станіслаў Багданкевіч, Ганна Канапацкая, Мікалай Казлоў і Уладзімір Раманоўскі. Актывісты АГП раздавалі мінакам улёткі з просьбай не хадзіць на выбарчыя ўчасткі і не галасаваць на выбарах.
Лябедзька заявіў, што правядзенне гэтага пікету — своеасаблівы адказ на нявыхад у эфір "нават тых выступаў, якія доўжыліся пяць хвілінаў, і тое ў запісе і пад цэнзурай". Па яго словах, за чатыры гады цяперашняе 4-е скліканне Палаты прадстаўнікоў распрацавала толькі тры законапраекты. "Гэта ўсё адно, калі б рабочы заводу "Гарызонт" за 4 гады сабраў тры тэлевізары, але заробак атрымаў за чатыры гады", — параўнаў лідар АГП. Таксама Лябедзька нагадаў пра наяўнасць палітвязняў.
Пікет прайшоў без інцыдэнтаў і прысутнасці супрацоўнікаў міліцыі ў форме.