Абменнік Нацбанка долары не прадае, а толькі набывае
А ў абменніку на вакзале можна спакойна набыць 5 тысяч долараў ці 4 тысячы еўра.
У “Белаграпрамбанку” на Карла Маркса зранку можна было набыць толькі 30 долараў. Касірка кажа, што прыносяць не шмат, але да абеду некалькі тысяч назбіраецца.
Супрацоўніца “Белаграпрамбанку”: “Дзень на дзень не прыходзіцца, але ўчора і пазаўчора валюта была. Еўра менш здаюць. Расійскіх рублёў прыносяць па 20 ці 30 тысяч, а долараў можа назбірацца ў канцы дня тысяч 6”.
У “Абсалютбанку” ва ўніверсаме “Цэнтральны” можна было спакойна набыць тысячу долараў. Еўра ж тут не назбіралі нават паўтысячы.
Затое ў “Беларусбанку” на вакзале можна было купіць 5 тысяч долараў ці 4 тысячы еўра.
Супрацоўніца аднаго з мінскіх банкаў кажа, што з-за таго, што курс падае, апошнім часам валюты сталі здаваць крыху менш. Да таго ж, кожны банк усталёўвае свой курс.
Супрацоўніца банка: “Калі мы набывалі долары па 8300 рублёў, зразумела, здавалі болей. Калі сёння нехта набывае па 7500 рублёў, а ў нас курс 7200 рублёў, то, зразумела, нам будуць несці менш”.
Пры якім курсе людзі перастануць прыносіць долары ці еўра, супрацоўніца нават уявіць не можа.
Супрацоўніца банка: “Гэта не ў нас абмяркоўвалася. Тут ніхто не мае ўлады, акрамя імператара, які можа гэта вызначыць”.
Не бярэцца спрагназаваць, пры якім курсе людзі перастануць здаваць валюту, і намдырэктара Цэнтра сістэмнага аналізу і стратэгічных даследаванняў НАН Беларусі Аляксандр Гатоўскі.
Аляксандр Гатоўскі: “Спытайце ў людзей! Адкуль я ведаю. Справа ў тым, што дакладных запасаў валюты ў насельніцтва ніхто не ведае. Складана на сённяшні дзень ацаніць. Гэта ўсё адбываецца каля тыдня, таму нейкія вывады рабіць рана”.
Выказаць меркаванне, пры якім курсе людзі перастануць здаваць валюту, Гатоўскі таксама не змог. Эксперт кажа, што для аналізу патрэбная інфармацыя. Толькі дзе яе ўзяць?
Аляксандр Гатоўскі: “Паўгода валютны рынак незразумела дзе быў. Якая тут можа быць інфармацыя, які тут можа быць аналіз?”
Тым часам у абменніку Нацбанку па вуліцы Талстога выйшлі на адзіны курс. Долар тут каштуе 7250 рублёў, а еўра - 9915 рублёў. Але набыць іх нельга - можна толькі здаць.
Фота: ale.by