Алесь Бяляцкі не атрымоўвае ў СІЗА лістоў ад жонкі

Сустрэча працягвалася гадзіну. Спадарыня Пінчук распавяла Еўрарадыё, што размаўляла з мужам галоўным чынам аб сямейных справах. Як высветлілася, Алесь Бяляцкі не атрымаў лістоў ад жонкі, дзе яны расказвала пра пахаванне бацькі праваабаронцы.

“Яна адбылася і ўжо гэта, скажам так, радуе. Мелі размову дзесці на працягу гадзіны. Паглядзелі адзін на аднаго. Магу сказаць, што выглядае нармальна… Зразумела, што ў першую чаргу размовы звязаныя з сям’ёй у нас былі. І пра сына пытаўся, і як пахаванне бацькава прайшло. Чаму пытаўся – я яму ліст даўно адаслала, але бачна па ўсім, што ён не атрымаў гэтую інфармацыю. Таму я ўжо расказвала, як там што адбывалася”, -- распавяла Наталля Пінчук.

Праз жорсткія правілы, якія датычаць сустрэч арыштантаў з роднымі, даведацца пра стан самога Алеся нічога не атрымалася.

“Пра сябе не расказваў. Мы абмяркоўвалі такую інфармацыю, якая агульная, скажам так, не забароненая па тым спісе, які прыклеены там да шкла. Не абмяркоўваць умовы ўтрымання і гэтак далей. Адзінае што канешне мы так зразумелі, што гэта апошняе наша спатканне, бо Алеся павінны ў хуткім часе перавесці ў месца адбывання пакарання”.

Зараз Наталля Пінчук занятая справай з канфіскацыяй маёмасці. Як расказала жанчына Еўрарадыё, яна падала іскавыя заявы, каб прызнаць канфіскацыю незаконнай. Таму пакуль яе не турбавалі.

Нагадаем, што кіраўнік праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі быў асуджаны да 4,5 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці за нявыплату падаткаў у буйным памеры. За кратамі ён знаходзіцца ад 4 жніўня мінулага году. Касацыйная скарга на прысуд не была задаволеная нягледзячы на тое, што ўся сума нанесенай дзяржаве шкды – 757 мільёнаў рублёў – была кампенсаваная.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі