Алесю Бяляцкаму накіравалі болей за 2000 віншаванняў
Кіраўнік праваабарончага цэнтру “Вясна” вымушаны адзначаць свой дзень народзінаў у турме. Сёння яму споўнілася 49 год.
Яго паплечнікі правялі сёння акцыю па цэнтралізаванай адпраўцы віншаванняў ля Галоўпаштамту ў Мінску. Так, каля 300 паштовак пойдуць у турму на Валадарскага ад вядомых людзей Беларусі — пісьменнікаў, паэтаў, палітыкаў. Да акцыі далучыліся і замежныя партнёры, якія адаслалі Алесю Бяляцкаму болей за тысячу паштовак.
Нарэшце, сёння апоўдні праваабаронцы прапаноўвалі звычайным грамадзянам таксама падпісаць віншаванні — цягам паўгадзіны набралася яшчэ больш за 200 паштовак, паведамляе БелаПАН.
Як паведамлялася раней, пасля акцыі быў затрыманы праваабаронца Уладзімір Лабковіч.