Апазіцыя крытыкуе, што Януковіч ідзе адразу ў ЕС і Мытны саюз

"Лічу, што далейшае развіццё адносін з Мытным саюзам будзе абапірацца на новую дагаворную базу наконт пагадненняў аб свабодным гандлі і магчымым пакетным пагадненні аб супрацоўніцтве па формуле "3 +1", — заявіў Януковіч. На думку ўкраінскага прэзідэнта, такая формула дазволіць Украіне забяспечыць рэальны курс на збліжэнне еўрапейскай і еўразійскай эканамічных прастораў.

Між тым, Януковіч не стаў удакладняць, якія механізмы такога супрацоўніцтва меў на ўвазе. І практычна адразу Міністэрства замежных спраў Украіны вымушана было тлумачыць еўрапейскім партнёрам, як трэба разумець выказванне Януковіча пры падрыхтоўцы Пагаднення аб асацыяцыі Украіны з Еўрапейскім Саюзам.

"МЗС Украіны працуе над тым, каб данесці да ўсіх нашых замежных партнёраў сэнс штогадовага паслання прэзідэнта Віктара Януковіча ў Вярхоўнай Радзе. Разлічваем, што нашы партнёры, асабліва ў ЕС, уважліва паставяцца да выразна акрэсленых прэзідэнтам Украіны прыярытэтаў. І гэта паставіць кропку ў цалкам неабгрунтаванай дыскусіі, якая развярнулася ў апошнія дні, пра нібыта магчымыя адхіленні Украіны ад еўраінтэграцыйнага курсу. Супрацоўніцтва Украіны з Мытным саюзам не будзе супярэчыць курсу на сяброўства з ЕС", — заявіў дырэктар дэпартамента інфармацыйнай палітыкі МЗС Украіны Алег Валошын.

Прадстаўнік МЗС перакананы: Віктар Януковіч даў зразумець, што Украіна нацэлена на ўступленне ў ЕС, і ў рамках гэтага партнёрства разлічвае да канца года завяршыць перамовы па пагадненні аб асацыяцыі. "Пры гэтым, безумоўна, адносіны (у тым ліку і ў гандлёва-эканамічнай сферы) з Расіяй, Беларуссю і Казахстанам і іншымі краінамі СНД таксама з'яўляюцца нашым прыярытэтам, які непасрэдна адказвае нашым эканамічным інтарэсам", — падкрэсліў дыпламат.

У сваю чаргу лідэр апазіцыйнай партыі Юлія Цімашэнка, якая ў якасці прэм'ер-міністра пачынала перамовы з Еўрапейскім Саюзам пра Пагадненне аб асацыяцыі і зоне свабоднага гандлю, лічыць, што заява Януковіча пра супрацоўніцтва з Мытным саюзам азначае адмову ад еўрапейскай інтэграцыі.

"Як заўсёды былі абвешчаныя два вектары — гэта Еўрапейскі Саюз з зонай свабоднага гандлю і з пагадненнем пра асацыяцыю і адначасова Мытны саюз з Расійскай Федэрацыяй па нейкай дзіўнай незразумелай мадэлі. Гэта гаворыць пра тое, што Украіна, а дакладней яе сённяшняе кіраўніцтва, не мае знешнепалітычнай стратэгіі, не мае ўяўлення, як яе ажыццяўляць. Яны хочуць стаяць на месцы, нікуды не рухаючыся, і пры гэтым, каб ніхто з замежных інвестараў, міжнародных арганізацый і структур ім не перашкаджаў спажываць тое, што ім у якасці рэсурсаў падабаецца ва Украіне", — перакананая Цімашэнка.

Дарэчы, якраз напярэдадні ва ўкраінскіх СМІ з'явілася інфармацыя, што афіцыйны Кіеў хоча перанесці чарговы саміт Украіна — ЕС з верасня на снежань. Але ўлады пакуль што не пацвярджаюць гэтых намераў.

Фота: ТСН.ua

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі