Арамнаў: “Уначы не высыпаюся, рыхтуемся да Алімпіяды ўтрох у адным пакоі”

Рэкардсмена свету Андрэя Арамнава выпраўляюць на Алімпіяду ў Лондан. Але перад гэтым яму загадалі прыняць удзел... у спартакіядзе для школьнікаў у родным Барысаве.

Так у аўторак 19 чэрвеня атлет выступіў на вачах у чыноўнікаў з Нацыянальнага алімпійскага камітэта.

Паказаў ім, што я дужэйшы за ўсіх, хоць максімальную вагу не падымаў”, — распавёў пра спартакіяду для школьнікаў рэкардсмен свету.  

Але чым быў гэты старт — здзекам з алімпійскага чэмпіёна ці вымушанай мерай?

Журналіст Еўрарадыё выправіўся ў Барысаў на трэніроўку штангіста.

Займаецца Андрэй у дзіцяча-юнацкай школе алімпійскага рэзерву, у добра пашарпаным будынку. У школьнай зале цяжкай атлетыкі — толькі падлеткі і Арамнаў. Праўда, чэмпіён трэніруецца індывідуальна.

Нядаўна тут зрабілі рамонт: пафарбавалі ў бэжавы колер сцены, арганізавалі падвесную столь. Належнага кандыцыянера, як гэта заведзена ў сучасных прафесійных залах, няма — атлеты, каб падыхаць, адчыняюць акно. Затое ў распранальні паставілі шыкоўную скураную канапу.

Кандыцыянер замяняе адчыненая фортка

 

На такой базе сёння трэніруецца адзін з наймацнейшых штангістаў планеты, алімпійскі чэмпіён.

Арамнаў выглядае гарой здароўя: велічэзныя рукі, ногі, спіна. Трэніровачнае трыко ледзь налазіць на атлета.

Размінка


Хоць, паводле слоў трэнераў, некалі траўмаваныя кісці рук дагэтуль не залечаныя цалкам. Але да лонданскай Алімпіяды гэтыя праблемы плануюць звесці да мінімуму.

З наскоку цікавімся ў Андрэя Арамнава, як ён паставіўся да ідэі выступіць на спартакіядзе для школьнікаў.

Андрэй Арамнаў: "Гэта поўны здзек. Я разумею, што задача трэнера — павезці на Алімпійскія гульні сур’ёзную каманду. Добра, я не выступіў на чэмпіянаце краіны, гэта адна рэч. Але па маіх трэніроўках любы разважны спартсмен зразумее, што я гатовы лепш за ўсіх астатніх. Мне не падабаецца, што ўсё робіцца пад справаздачу. І зусім не важна, які будзе медаль і як я буду да яго падыходзіць. Зараз я ў выдатнай форме, рыхтуюся да Алімпійскіх гульняў. Думаю, не горш буду выглядаць, чым у мінулы раз".

Еўрарадыё: На форумах разважаюць: за чатыры гады Арамнаў нічога на топ-турнірах не здабыў.

Андрэй Арамнаў: "У 2010-м годзе выйграў чэмпіянат Еўропы ў Мінску".

Еўрарадыё: Але ж медаль забралі (з-за таго, што ў допінг-пробе знайшлі сінтэтычныя канабіноіды: атлет папаліў перад спаборніцтвамі легальны на той момант курыльны мікст).

 Андрэй Арамнаў: "Не ведаю. У мяне медаль дома ляжыць. Прызавыя выплацілі. Больш мне ніхто нічога не казаў".


Аднак чаканні Андрэя Арамнава ад лонданскай Алімпіяды не выглядаюць такімі ж амбітнымі, як раней. Штангіст ужо не абвяшчае залаты медаль адзіным магчымым варыянтам. Але папярэджвае:

"Нагадаю, што я яшчэ ніколі нікому не прайграваў. Хоць зараз будзе больш складана, бо гэта для мяне другія Алімпійскія гульні. Дадаліся супернікі. Фізічна мы ўсе аднолькава моцныя, таму што гэта мяжа чалавечых здольнасцяў. Каму больш пашэнціць, хто будзе больш трывалы, той і будзе стаяць на першай прыступцы".


Еўрарадыё: Якія зараз планы па трэніроўках? Будзеш далучацца да зборнай?

Андрэй Арамнаў: "Усё, са зборнай я цалкам завязаў. Паспрабаваў вярнуцца ў каманду, каманда знаходзіцца ў сумным становішчы. Апроч мяне і Рыбакова, ніхто належным чынам не рыхтуецца. Усе ведаюць, што медаль нікому не свеціць у хлопцаў. Дзяўчынкі, яны самі па сабе".

Андрэй падкрэслівае, што з калегамі па зборнай “нармальныя паважлівыя адносіны”. Але ж ніяк не можа пагадзіцца з сістэмай алімпійскай падрыхтоўкі цяжкаатлетаў.

Андрэй Арамнаў: "Адносіны да прафесійнага спартсмена такія ж, як да кандыдата ў майстры спорту. Гэта знявага тытулаванага спартсмена. Асобы, якія дасягнулі такога выніку, — яны амбіцыйныя. Не ўлічваць мае амбіцыі — гэта недарэчна. Тым больш я ўжо шмат разоў распавядаў, як навесці парадак у зборнай. Трэба прыбраць непрафесіяналаў. Калі займу годнае месца ў Лондане — гэта будзе толькі заслуга маіх двух трэнераў: Уладзіміра Барздакова і Міхаіла Саладара. І мая".

Што такое амбіцыі тытулаванага спартсмена? Для Арамнава гэта ўмовы трэніровак і жыллёвыя ўмовы, якія штангіста не задавальняюць. Нягледзячы на тое, што адну кватэру ён мае ў сталіцы — атрымаў за перамогу на Алімпіядзе, і яшчэ адну, двухпакаёўку, у Барысаве — далі за золата на чэмпіянаце планеты.

У барысаўскай кватэры, згодна са словамі цяжкаатлета, адзін пакой завалены рэчамі, у другім ён жыве разам з жонкай і дачкой Дар’яй.

Андрэй Арамнаў: "У адным пакоі мы зараз утрох рыхтуемся да Алімпіяды. У мяне нарадзілася дзіцё, яно зараз у такім узросце, дзевяць месяцаў, што яму без розніцы — адпачывае бацька ці не. Яму неабходная ўвага. Уначы падымаюся, не высыпаюся. Вельмі маленькая кватэра. Напрыклад, у прыбіральні, каб сесці і расслабіцца, трэба абавязкова адчыніць дзверы. Так нязручна, што плечы датыкаюцца да дзвюх сценак".

Большую кватэру ў Барысаве штангісту ўжо было выдалі. Але Андрэю Арамнаву яна не спадабалася з-за нязручнага месцазнаходжання — лес, тэрыторыя вайсковай часткі, ускраек горада. Нязручна, бо трэба ездзіць на трэніроўку машынай, а правы забралі.

Фота Андрэя Арамнава на "Дошцы гонару" ў школе алімпійскага рэзерву

 

Аднак, нягледзячы на пэўныя нязручнасці, Андрэй прытрымліваецца свайго плану на трэніроўкі. Падымаецца прыкладана а дзясятай раніцы, лёгка снедае. З адзінаццатай да гадзіны дня праводзіць першую трэніроўку. Адпачывае. А пятай распачынае другі занятак у зале (ён доўжыцца да сёмай гадзіны).

Атлета многія папракаюць у “зорнасці”. Але ці стаў бы Арамнаў рэкардсменам свету, калі б не вылучаў сур’ёзныя патрабаванні як да сябе, так і да спартыўных чыноўнікаў? 

“Я заўжды буду ў добрай форме, заўжды буду моцным, — падміргвае Андрэй на развітанне. — А пра тое, што мне абяцалі дапамагаць і не пракантралявалі гэта пытанне да канца, забыліся, калі ласка, напішы”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі