"Бардаўская восень" склікае канкурсантаў!
Знакаміты фэст беларускамоўнай аўтарскай песні адбудзецца 21-23 кастрычніка ў Бельску Падляскім.
Фестываль “Бардаўская восень” распачаў прыём заявак на ўдзел у конкурснай праграме. Ужо традыцыйна ўзяць удзел у конкурсе могуць сольныя аўтары-выканаўцы і акустычныя гурты, якія працуюць на карысць беларускамоўнай музыкі.
Усе зацікаўленыя ў імпрэзе мусяць даслаць запоўненую анкету ўдзельніка і свае дэма-запісы на паштовую скрыню арганізатараў [email protected] да 10 верасня. Падчас мінскага адборачнага канцэрта, які адбудзецца напярэдадні ўласна фестываля, кваліфікаваным журы будуць абраныя лепшыя выканаўцы. Яны і прадставяць свае творы з фестывальнай сцэны ў Польшчы. Аднаго з удзельнікаў фэста абяруць наведвальнікі сайта “Тузін Гітоў”, які ўжо другі год запар з’яўляецца інфармацыйным партнёрам “Бардаўскай восені”. Адмысловы гіт-парад на “Тузіне” пачнецца ўжо 12 жніўня.
Нагадаем, “Бардаўская восень” – адзіны ў свеце фэст беларускамоўнай аўтарскай песні. Сёлета ён пройдзе ў 18 раз. Між гучных імёнаў фестываля яго пачынальнікі - Алесь Камоцкі, Віктар Шалкевіч, Сяржук Сокалаў-Воюш, Кася Камоцкая, а таксама ўдзельнікі мінулагодніх фэстаў - Зміцер Вайцюшкевіч, Лявон Вольскі, Аляксандр Памідораў, праект "Народны альбом" і іншыя. Фестывальныя канцэрты "Бардаўскай восені 2011" адбудуцца 21-23 кастрычніка ў Бельску Падляскім ды іншых гарадах і мястэчках Беласточчыны. Больш інфармацыі пра фестываль на афіцыйнай старонцы www.vosien.org
P.S. У дадатку глядзіце анкету ўдзельніка конкурса.