Беларускі кіроўца спрабаваў падкупіць расійскага мытніка
Але той паведаміў пра хабар кіраўніцтву. У выніку дальнабойшчык з Беларусі затрыманы ў Чарапаўцы.
Пры аглядзе транзітнага грузу з Італіі на мытні ў Чарапаўцы было выяўлена парушэнне: нехта зламаў пломбу, пастаўленую на аўтамабіль на мяжы. Грузавіком кіраваў грамадзянін Беларусі. Яго праінфармавалі, што арганізацыі-перавозчыку пагражае штраф ― ад 5 да 20 тысяч расійскіх рублёў. Гэта каля 700 долараў.
Кіроўца прапанаваў мытніку “дамовіцца” за 3 тысячы рублёў. Сустрэчу прызначылі на паркоўцы аднаго з гандлёвых цэнтраў Чарапаўца. Але мытнік распавёў пра хабар свайму кіраўніцтву. У выніку кіроўцу затрымалі пры перадачы грошай. Цяпер яму пагражае штраф ― ад 90 да 180 тысяч расійскіх рублёў. Гэта каля 6 тысяч долараў.
Таксама кіроўца можа быць пазбаўлены волі на тэрмін да 8 гадоў са штрафам у памеры да 90 тысяч рублёў, паведамляе сайт “Новости Вологодской области”.
Фота: n1.by.