Беларускія праблемы абмяркуюць на "Рыжскай канферэнцыі"
У сталіцы Латвіі сёння адкрываецца штогадовы форум па пытаннях замежнай палітыкі і бяспекі — "Рыжская канферэнцыя 2011".
Канферэнцыя, якая праводзіцца ўжо ў шосты раз, збірае ў Рызе кіраўнікоў дзяржаваў, міністраў, палітыкаў, дыпламатаў, навукоўцаў і прадстаўнікоў СМІ.
Як паведамляе партал DELFI, пачнецца канферэнцыя дыскусіяй прэм'ер-міністраў Латвіі, Літвы, Эстоніі, Польшчы і Фінляндыі. Яны абмяркуюць задачы, якія стаяць перад краінамі Балтыйскага рэгіёна ва ўмовах эканамічнага крызісу, а таксама палітыку бяспекі ў рамках ЕС і NАТО.
Сярод іншых пытанняў канферэнцыі ёсць таксама дыскусія пра сітуацыю ў Беларусі, пра сітуацыю ў краінах Афрыкі і Блізкага Усходу, а таксама пра ролю сацыяльных сетак у палітычных працэсах. Таксама ў рамках форуму пройдзе дыскусія экспертаў пра эканамічны крызіс у Беларусі.