Беларусы цікавяцца нерухомасцю ў Літве, але не купляюць
У цэнтры Вільні аднапакаёўка каштуе 100 тысяч еўра, а ў ваколіцах можна знайсці за 5-10 тысяч еўра.
Беларусы купляюць жыллё ў Вільні і Друскеніках, каб лягчэй было атрымаць візу і вучыць дзяцей за мяжой. Але ажыятаж на жыллё суседзяў беларусы не ствараюць.
Літоўскія рыэлтары адзначаюць не асабліва высокую актыўнасць беларусаў на рынку жылля ў Вільні. Калі параўноўваць з мінулым годам, і сапраўды стала болей, але не значна.
“Цікавасць большая. А каб сказаць, што стала больш пакупнікоў, — нельга. Калі ў мінулым годзе быў адзін пакупнік, дык цяпер — чатыры”, — кажа брокер агенцтва нерухомасці “Amrek” Віялета.
“Беларусы — гэта адзін кліент за месяц па нашым агенцтве. Раней быў адзін кліент за паўгода”, - кажуць Еўрарадыё у віленскім агенцтве нерухомасці “DomLidera”. Тут заўважаюць, што беларусы, якія купляюць нерухомасць, едуць у Літву з самых розных рэгіёнаў.
“Кватэры, якія таннейшыя, купляюць з Гродна і Віцебска, а больш дарагія кватэры купляюць людзі з Мінска”.
Беларусаў сярод пакупнікоў элітных ці проста дарагіх кватэр у Вільні — няма.
“Беларусы выбіраюць кватэры, якія каштуюць у сярэднім 160-200 тысяч літаў, не самыя танныя, але і не самыя дарагія кватэры”.
Кошты на кватэры ў Вільні і Друскеніках амаль аднолькавыя і, натуральна, залежаць ад раёну, года будоўлі, рамонту. Самыя дарагія кватэры апошніх гадоў пабудовы з сучаснай планіроўкай будуць каштаваць каля 100 тысяч еўра.
Сярэдні ж кошт аднапакаёўкі ў доме савецкіх часоў — ад 30 тысяч еўра. Кошты на двухпакаёўку ці трохпкаёўку такога ж кшталту амаль не адрозніваюцца — ад 47 тысяч еўра.
А вось за дом у Вільні можны аддаць каля 200 тысяч еўра. Беларусы таксама глядзяць дамы ў Вільні, але ключавое слова тут як раз — цікавяцца.
“За пяць гадоў попыт амаль не змяніўся. Глядзяць нават дамы, але толькі глядзяць. На маёй памяці я не ведаю фактаў, што беларусы купілі дом”, — кажа брокер Юстас з агенцтва нерухомасці “Ремакс”.
Літоўскія рыэлтары называюць тры самыя папулярныя версіі, чаму беларусы купляюць нерухомасць.
“Адны ўкладваюць грошы, часта прыязджаюць, бо тут нейкія справы, іншыя з-за візы — так лягчэй атрымаць шматразовую. А некаторыя для дзяцей, якія вучацца ў Літве. Бо арэнда вельмі дарагая, і таму сапраўды лепш купіць кватэру, чым здымаць. Да таго ж, калі кватэра добрая, яна і праз колькі год не ўпадзе ў кошце”.