Беларусы з “чорнага” спіса: Перад кім нам скардзіцца?!

24 траўня у спіс беларусаў, неўязных у Еўрасаюз, дадалося 13 новых прозвішчаў. Пад візавыя санкцыі трапілі супрацоўнікі беларускай судовай сістэмы, якія ўдзельнічалі ў апошніх працэсах над затрыманымі па справе Плошчы. Разам з імі дырэктарка Талькаўскай сярэдняй школы Наталля Меркуль, якая пасля выбараў звольніла настаўніцу гісторыі і грамадскую актывістку Наталлю Ільініч.

Еўрарадыё знайшло дакумент, паводле якога той, хто лічыць, што трапіў у “чорны” спіс дарэмна, можа накіраваць у Савет Еўрапейскага саюза запрос і дакументы для перагляду. Аднак асаблівага жадання абскардзіць рашэнне еўрапейскіх чыноўнікаў у “неўязных” мы не ўбачылі:

“Гэта папросту паказуха, — мяруке старшыня Саюза пісьменнікаў Мікалай Чаргінец. — Таму я лічу, што пісаць туды не варта. Лепш папросту не звяртаць на гэта ўвагі”.

На думку былога сенатара, ранейшае пакаленне кіраўнікоў Еўрасаюза лічылася з меркаваннем беларусаў і было гатовае да дыялогу з беларускімі ўладамі.

Мікалай Чаргінец: “А зараз прыйшлі новыя… Гэтыя бузекі і іншыя, прабачце за гэты выраз, якія папросту поўныя гонару і гатовыя зняважыць не толькі беларускую ўладу, а і ўвесь наш народ. Ад іх чакаць няма чаго, і прасіць перагледзець гэтыя спісы — сапраўднае прыніжэнне”.

Пра боль і несправядлівасць, і пра тое, што дазволам перагляда “чорных” спісаў іх хочуць прынізіць, кажуць і іншыя фігуранты спісу неўязных, якія папрасілі не называць іх. А вось у Наталлі Меркуль магчымасць абскардзіць сваё месца ў “чорным” спісе непрыемных эмоцый не выклікае. І гэта зразумела: дырэктарка Талькаўскай сярэдняй школы — бадай што самы маленькі і далёкі ад улады фігурант спіса неўязных у ЕС.

Наталля Меркуль: “Мне здаецца, што сэнс скардзіцца ёсць. Бо проста вось так вось, нібыта я тэрарыстка… І раптам невыязная”.

У Еўропу Наталля Меркуль гэтым летам не збіраецца. Яна шчыра прызналася Еўрарадыё, што фінансы не дазваляюць. Не планаваў адпачынак на еўрапейскіх курортах і Мікалай Чаргінец, які ўвогуле не лічыць магчымасць уезду ў Еўропу істотнай стратай.

“Я ўжо аб’ездзіў увесь свет. І хачу сказаць, што ў Еўропе я не бачу месцаў, дзе можна было б адпачываць так як, скажам, у Турцыі. Вядома, можна было б паглядзець узбярэжжа Міжземнага мора… Але абыйдземся і без гэтага. У нас возера Нарач — некранутая цаліна”, — кажа Чаргінец.

Намстаршыні суда Кастрычніцкага раёна Мінска Ала Булаш, якая апошнім часам адзначылася адразу некалькімі жорсткімі прысудамі па справе 19 снежня, як раз зараз знаходзіцца ў адпачынку. На жаль, у судзе не ведаюць, дзе. Іншая суддзя — Наталля Чацвярткова, якая на 5 гадоў адправіла за краты Андрэя Саннікава, — ад любых каментароў наконт “чорных” спісаў адмаўляецца.

Намстаршыню Цэнтрвыбаркама Мікалая Лазавіка складанне “чорных” спісаў шчыра пакрыўдзіла. Ён не разумее, чаму ў спісы чальцы ЦВК, якія прыклалі столькі намаганняў для таго, каб выбары ў Беларусі прайшлі “максімальна дэмакратычна”:

“І нас за гэта пакаралі. Дык перад кім мне тады скардзіцца?! Перад гэтымі, я б сказаў, подлымі людзьмі, якія дапусцілі самую сапраўдную несправядлівасць?”, — крыўдуе чыноўнік.

Адпачываць Мікалай Лазавік таксама плануе ў Беларусі. І кажа, што яшчэ з савецкіх часоў ездзіў на Захад хіба што ў службовыя камандыроўкі, абменьвацца досведам правядзення плебісцытаў:

Мікалай Лазавк: “Адпачынак у мяне запланаваны. Ёсць у мяне вясковая хатка, там рыбалка добрая. Адпачынак на 2 часткі разбіваю, каб пры пачатку лета парыбачыць, а пры канцы, калі з’явяцца грыбы, пахадзіць па лесе”.

Таму прасіць выкрэсліць яго з “чорных” спісаў Лазавік таксама не будзе, так і застанецца пакуль неўязным.

Фота:http://belinternat.org/

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі