"Брытанцы прывыклі да таго, што дзяржава для іх, а не яны для дзяржавы"

110808 Chajchyc site.mp3

Еўрарадыё: Забойства ў Лондане чалавека, які адмовіўся паказваць паліцыі дакументы і адкрыў агонь па ахоўніках правапарадку, выклікала ў сталіцы Вялікабрытаніі хвалю пратэстаў. З намі на сувязі журналіст Алесь Чайчыц, які знаходзіцца ў Лондане. 
Ці можна параўнаць народныя хваляванні ў мінулую суботу ў Лондане з пратэстамі 19 снежня мінулага года ў Мінску? Нагадаем, у Мінску тады ніхто не пацярпеў. Якія наступствы для тых людзей, якія ўзялі ўдзел у масавых беспарадках у Лондане?
Чайчыц: “Гэтыя народныя хваляванні немагчыма параўнаць. Тут, у Лондане, беспарадкі доўжыліся дзве начы запар. У сталіцы Вялікабрытаніі былі падпаленыя аўтамабілі, гандлёвы цэнтр. Гэта не ідзе ні ў якае параўнанне са снежаньскімі пратэстамі ў Мінску, падчас якіх пратэстоўцы быццам бы пабілі нейкую шыбу, а ў выніку столькі чалавек з-за гэтага апынулася за кратамі. Безумоўна, удзельнікаў лонданскіх закалотаў будуць судзіць, але яны будуць мець свабодны доступ да адвакатаў, да прэсы. Дарэчы, у англійскіх сродках масавай інфармацыі ўжо з’яўляюцца артыкулы, якія крытыкуюць ўладу, што не ў стане прадухіліць падобныя акцыі“. 
Еўрарадыё: Якія, на вашую думку, сапраўдныя прычыны пратэстаў у Лондане?
Чайчыц: “Гэтыя пратэсты не нясуць у сабе аніякага этнічнага, расавага ці рэлігійнага характару. Няма за імі і нейкага палітычнага падтэксту. Іх характар - сацыяльны. Забойства чалавека справакавала розныя часткі насельніцтва на дзеянне. З майго гледзішча, маладыя людзі пайшлі граміць крамы, таму што ў іх назапасілася агрэсія, і зараз яна выйшла вонкі. Гэта выплюхванне сацыяльнай напружанасці. Ніякага маніфеста, акрамя патрабавання аб’ектыўнага расследвання забойства, у гэтых пратэстах няма”.
Еўрарадыё: Існуе такая думка, што беларусы - законапаслухмяны народ, і што яны, перш чым нешта зрабіць, дзесяць разоў падумаюць. Ці лёгка парушыць закон англічанам?
Чайчыц:: ”Па-першае, тут людзі не баяцца дзяржавы. У кожнага ёсць такое ўсведамленне, што ўлада павінна працаваць на яго. Магчыма, з гэтай прычыны многія пагарджаюць законам. У Беларусі людзі баяцца рэпрэсійнага дзяржапарату і нават у дробязях стараюцца не парушаць закон: не пераходзяць дарогу на чырвонае святло, не ўдзельнічаюць у дэманстрацыях”.
Еўрарадыё: Усё пачалося з банальнай праверкі дакументаў. Ці часта ў Англіі паліцыянты іх спраўджваюць?
Чайчыц: “Гэта вельмі рэдкае з’явішча. Такое найчасцей здараецца ў патэнцыйна небяспечных у крымінальным сэнсе раёнах, дзе збіраецца шмат моладзі. Дарэчы, Тотэнхэм, дзе адбылося здарэнне, з’яўляецца такім раёнам”.
Еўрарадыё: Што пра гэтыя здарэнні піша прэса?
Чайчыц: “У прэсе з’явілася шмат крытыкі ў бок уладаў. Тым больш, што Вялікабрытанія перажывае зараз не самыя лепшыя часы. Гэтым, перш за ўсё, скарысталіся апазіцыйныя выданні. Разам з тым, у Лондане баяцца паўтарэння французскага сцэнара двухгадовай даўніны”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі