Бяляцкага не пусцяць на пахаванне бацькі нават з дазволам суда
Пра гэта яго жонцы Наталлі Пінчук пісьмова паведамілі ў дэпартаменце выканання пакаранняў.
Як паведамляе БелаПАН, вусна такую ж адмову жонка асуджанага палітвязня атрымала ў Генпракуратуры. У абодвух ведамствах спаслаліся на тое, што заканадаўства не дазваляе такое спатканне для асобаў, чый прысуд яшчэ не ўступіў у законную сілу.
Нагадаем, суд Першамайскага раёна даў такі дазвол. Праваабаронца Наста Лойка казала Еўрарадыё, што ёсць дамова пра канваяванне палітвязня на пахаванне бацькі. Аднак, як выявілася, гэтае рашэнне суда іншыя інстанцыі праігнаравалі.
Пахаванне Віктара Бяляцкага адбудзецца 27 снежня ў Светлагорску на Гомельшчыне.