Чаго больш за ўсё жадаюць беларускія дзеці на Новы год?

111227 Mancevi4 Ded Maroz.mp3  

“Калі нам вельмі дрэнна, то дзеці просяць проста — прынясі, дзядуля, шакаладку, пячэнне і масла. Мы такія лісты чытаем… Усё ў нас пішуць. І каб мама не сварылася, і каб тата ў турме не сядзеў”, — кажа начальнік сталічнага культурна-масавага аддзелу УП "Гарадскія паркі" Лідзія Вежнавец.

Штогод яна чытае тысячы дзіцячых лістоў да Дзеда Мароза. Пра некаторыя, кажа, гаварыць не хочацца…

Лідзія Вежнавец: “Дзеці вельмі шчырыя ў лістах да Дзеда Мароза. Калі дрэнна даросламу, то ён можа пайсці ў царкву, памаліцца… А дзецям што рабіць? Вось яны і ідуць да Дзеда Мароза. Але мы стараемся пра такія лісты маўчаць”.


Расійскі Дзед Мароз атрымлівае па трыста тысяч лістоў за год! Еўрарадыё датэлефанавалася і да яго рэзідэнцыі.

“Сучасныя дзеці. Сёлета вельмі шмат хочуць мець сэнсарныя тэлефоны, ноўтбукі, нэтбукі, айпады, айподы, усе разнавіднасці…”, — кажа супрацоўніца Дома Дзеда Мароза, што ў Вялікім Усцюгу.

Ноўтбукі, планшэты, новыя мабільнікі просяць і беларускія дзеці.

Лісты ад дзяцей дзеляцца на практычныя, добрыя і сумныя, кажуць у рэзідэнцыі Дзеда Мароза. Часам дзеці пішуць пра свае сем’і, просяць, каб бацькі не сварыліся, жылі мірна, каб тата вярнуўся ў сям’ю… Па-ранейшаму ёсць вельмі шмат добрых лістоў, у якіх дзеці думаюць не толькі пра свае жаданні, але і пра сваіх бацькоў.

Дом Дзеда Мароза: “Адзін хлопчык напісаў: дарагі Дзед Мароз, я вельмі хачу атрымаць у падарунак абрус-самабранку, таму што мне шкада сваю маму, якая прыходзіць па вечарах стомленая з працы, стаіць ля пліты і гатуе на ўсю сям’ю”.


Яшчэ адзін хлопчык напісаў, што ён хоча атрымаць у падарунак кладашукальнік, і ўсе скарбы,якія ён будзе знаходзіць, ён патраціць на ўзнаўленне храмаў.

Але ўсё ж такі больш за ўсё дзеці па-ранейшаму просяць звычайныя цацкі! Дзяўчаты — лялек, дамок, уборы, дзіцячую касметыку. А вось хлопчыкі…

“У асноўным штосьці ваенізаванае просяць… То аўтамат ім, то вінтоўку… Вось нядаўна хлопчык прыходзіў да Дзеда Мароза, падарылі яму вінтоўку”, — кажа Лідзія Вежнавец.

Пытаюся, ці просяць зброю ў расійскага Дзеда Мароза. Але там кажуць, што такіх дзяцей — адзінкі. Звычайна хочуць верталёты на пульце ўпраўлення і машынкі розныя наварочаныя.

Цікава, што лісты прыходзяць не толькі ад дзяцей, але і ад дарослых! І іх — шмат! Хлопцы, што служаць (!) у арміі, просяць цукерак і згушчонкі, студэнты — здаць сесію… Жанчыны — знайсці другую палавінку, а маладыя пары — каб нарадзіць.

Лідзія Вежнавец: “Нейкая была ў нас напасць… Лістоў 10 маладыя сем’і прасілі, каб чамусьці Дзед Мароз дапамог ім нарадзіць. Я спадзяюся, што яны нарадзілі”.


Беларускія ж мужчыны ўвогуле нічога не просяць у Дзеда Мароза. Пішуць толькі адзінокія пасля 50-ці…

“У асноўным пра спадарожніц жыцця... Нават матэрыяльнае нічога не просяць. Пішуць — дапамажы, дзядуля, можа я ўсё ж такі сустрэну тую адзіную і дарагую”, — кажа спадарыня Вежнавец.

А яшчэ… сёлета ўсе просяць снегу!

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі