Дэлегацыя Еўрапарламента адмяніла свой візіт у Беларусь
Візіт у Беларусь дэлегацыі Еўрапарламента не адбудзецца з-за немагчымасці сустрэцца з затрыманымі апазіцыянерамі.
Такое рашэнне прынята 10 лютага, паведаміў журналістам старшыня дэлегацыі Еўрапарламента па адносінах з Беларуссю Яцэк Пратасевіч, паведамляе БелаПАН.
"Не мае сэнсу сустракацца толькі з афіцыйнымі асобамі і прадстаўнікамі ўлад", – цытуе Пратасевіча Польскае агенцтва друку. Акрамя таго, адзначыў еўрадэпутат, беларускі бок даў зразумець, што не ўсе чальцы дэлегацыі могуць атрымаць візы на ўезд у Беларусь.
Нагадаем, першапачаткова дэлегацыя Еўрапарламента планавала наведаць Беларусь да 31 студзеня, каб вывучыць умовы, у якіх улады ўтрымоўваюць экс-кандыдатаў у прэзідэнты і іншых апазіцыянераў, затрыманых пасля прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня. Еўрапарламентарыі таксама разлічвалі сустрэцца з сем'ямі і адвакатамі затрыманых, незалежнымі журналістамі, праваабаронцамі і прадстаўнікамі ўлад.
Фота: ru.democraticbelarus.eu