Дэпутат: Хачу працаваць там, дзе ёсць людзі і няма ніякага чынавенства

121001_luka6uk_pasady.mp3

Праз месяц заканчваецца “працоўны кантракт” у звыш 80 адсоткаў сённяшніх дэпутатаў. Трэба альбо пераходзіць на іншае месца працы, альбо — на пенсію. У дэпутацкае крэсла Анатоль Глаз перасеў з крэсла намесніка старшыні Магілёўскага аблвыканкама. Вяртацца туды не збіраецца.


Анатоль Глаз: “Па чынавенскай лесвіцы я ўжо адхадзіў — ажно сорак гадоў! Пайду не зусім каб на прадпрыемства, але ж на канкрэтную працу”.


Што гэта за “канкрэтная праца”, казаць не хоча — каб не выглядаць “балбатуном”, калі нешта раптам не складзецца. Прызнаецца, што знайсці месца дапамагаў і асабіста губернатар вобласці, і іншыя “вертыкальшчыкі”. Калі новы наймальнік дазволіць, будзе працягваць выкладаць на 0,25 стаўкі.


Апошняя пасада народнага абранніка Уладзіміра Здановіча — дырэктар гімназіі ў Драгічыне. Дэпутатам заслужаны настаўнік Беларусі адпрацаваў ажно 12 гадоў. Сёння збіраецца вярнуцца ў адукацыю.


Уладзімір Здановіч: “Пакуль яшчэ няма працы. Я шукаю, але ж пакуль я яшчэ працую дэпутатам. Мабыць, потым больш шчыльна займуся гэтым пытаннем”.


З пасады галоўнага доктара Брэсцкага шпіталя хуткай меддапамогі забралі восем гадоў таму ў Авальную залу Алега Вялічку. Дэпутат нечакана скардзіцца на тое, што прапаноў занадта шмат — складана вызначыцца.


Алег Вялічка: “Не толькі па медыцыне прапановы, але і ў дзяржкіраванні. Толькі планую вярнуцца ў родную стыхію. Ёсць прапанова ісці ў Міністэрства аховы здароўя, але я хачу ў родны горад Брэст”.


Ні ў якім разе не жадае працягваць кар’еру чыноўніка дэпутат Палаты прадстаўнікоў, былы старшыня Гомельскага райвыканкама Уладзімір Маёраў.


Уладзімір Маёраў: “Рашэнне я прыняў — трэба яшчэ папрацаваць. Але магу сказаць праўду: адназначна — толькі там буду працаваць, дзе ёсць калектыў, дзе людзі і — ніякага чынавенства! Я шмат гадоў адпрацаваў чыноўнікам, ведаю гэта… Па характары мне бліжэй вытворчасць”.


Адно заявіў катэгарычна: ні ў якім разе не застанецца ў Мінску.


Прасцей за ўсё з працаўладкаваннем у двух дэпутатаў — Генадзя Давыдзькі і Сяргея Маскевіча. Яшчэ ў снежні 2010 года кіраўнік краіны адмысловым указам дазволіў ім сядзець адначасова на двух крэслах. З таго часу Давыдзька стаў не толькі дэпутатам, але і старшынёй Белдзяржтэлерадыёкампаніі, а Маскевіч — міністрам адукацыі. На гэтых пасадах яны і будуць працаваць далей.

Фота: http://photo.bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі