Філіп Кіркораў ахвяраваў абіцелі ў Талачыне каля 30 тысяч долараў (фота)

120604 Ma6a Manastyr.mp3

Пакроўскі жаночы манастыр у Талачыне да нядаўняга часу быў звязаны з адной вядомай асобай – Напалеонам Банапартам. Падчас адступлення французскі імператар начаваў тут, за што “аддзякаваў” – абрабаваў дарэшты святую абіцель (тады гэта быў каталіцкі манастыр базылянаў).
Так выглядала царква да мецэнацтва Кіркорава.

Аднак цяпер талачынцы ахвотна распавядаюць пра іншую славутасць – у манастырскі храм уставіў вокны сам кавалер ордэна Скарыны Філіп Кіркораў! Бо царква развальваецца на вачах – і матушка актыўна шукае сродкі, каб яе ўратаваць.
Мясцовы жыхар: “Дапамогі дзяржавы яна не дачакалася – ні праз аблвыканкам, ні праз Міністэрства культуры. І тады яна па сваіх каналах (у яе добры кантакт з рознымі маскоўскімі дзеячамі культуры і мастацтва) папрасіла па-сяброўску дапамагчы – і першым адгукнуўся Кіркораў”.

Матушка Анфіса служыць у Талачыне ўжо год, а да гэтага 23 гады служыла ў Расіі. Кажа, што на Кіркорава выйшла праз знаёмага святара – але ўсё гэта па волі Маці Божай.
Матушка Анфіса: “Нам вокны паставіў Філіп Кіркораў. Мы кланяемся яму, яго незвычайна добраму сэрцу. Гэта вялізная сума, бо ў нас вокны 3,70 на 1,54 метры. Такіх 10, яшчэ 10 вокнаў троху меншыя, плюс яшчэ меншыя – агулам 27. Паводле правілаў для помнікаў архітэктуры, абавязкова трэба ставіць вокны з дрэва. І ён заказаў і аплаціў нам шклопакеты з лісцвеніцы”.

Вокны ад Кіркорава ўжо стаяць. Фота: fotoobzor.wordpress.com 

Фота: regionby.org

Зразумела, пытацца пра суму дабрачыннасці ў матушкі не выпадае. У фірме, дзе рабілі вокны, мы цікавімся, колькі будзе каштаваць самая вялікае. Адказ – 960 еўра плюс 10% мантаж. Калі падлічыць, то за ўсе вокны атрымаецца каля 28 тысяч долараў!
“Матушка суму не называе, трымае ў сакрэце. Але сума не маленькая – па прыкідках тысяч 30 долараў мінімум, бо яна замовіла вельмі прыгожыя вокны”, -- дае сваё версію мясцовы жыхар.
Матушка кажа, што яны вельмі ўдзячныя спеваку, аднак яго ахвяраванне адначасова нарабіла і праблем…
Матушка Анфіса: “Я толькі прашу вельмі сціпла казаць пра тое, што ён нам дапамог – што гэта разавая дапамога, ён не спонсар наш. Бо гэта нам дужа перашкодзіла. Філіп нават на сваім сайце быў размясціў вельмі добрыя словы, каб дапамаглі людзі. І нават аднойчы са сцэны сказаў пра гэта – што ёсць такая цудоўная абіцель, дзе манашкі моляцца пры лампадках. Што тут вельмі холадна, што абіцель і храм патрабуе аднаўлення – бо ў нас у храме было плюс 4 градусы…”

Пасля таго, як Філіп змясціў абвестку на сваім сайце, матушку Анфісу атакавалі яго фанаты.
Матушка Анфіса: “Пайшоў такі рэзананс… Я нават патэлефанавала яму і кажу: Філіп, давайце будзем прыбіраць з вашага сайта гэтую аб’яву. Бо тэлефон, па якім мы вось цяпер з вамі размаўляем не замаўкаў у нас у корпусе. Адныя яго лаялі бязмерна, іншыя яго хвалілі бязмерна. Людзей больш цікавіў Філіп, чым сама абіцель – што было самае балючае. Людзі сталі казаць: во, які ў іх дабрадзей! Навошта ім яшчэ дапамагаць! Дапамог толькі адзін чалавек – з Брэста веруючы чалавек выслаў 100 тысяч рублёў”.

Паводле словаў матушкі Анфісы, "рамотнту вымагае кожны сантыметр храма"


Пытаюся ў матушкі, ці сустракалася яна з Кіркоравым, калі той быў нядаўна з канцэртам у Мінску.
Матушка Анфіса: “Я падзякавала яму. Не сустракалася з ім, але па тэлефоне яму падзякавала”.

Сама матушка Анфіса даволі сціпла адказвае, ці падабаецца ёй творчасць славутага мецэната.
Матушка Анфіса: “Я не бываю на канцэртах, таму не магу сказаць – падабаецца ці не… Але тыя песні, якія я чула, многія з іх – так, безумоўна”.

Пра свае добрыя справы Кіркораў размаўляць не хоча

Што да самога Кіркорава, то ён пра сваю дабрачыннасць расказваць не хоча.
“Вы ведаеце, Філіп не каментуе сваю дзейнасць, звязаную з дабрачыннасцю, пра гэта не распавядае”, – адказвае прэс-сакратар спевака Вольга Аляксеева.
Матушка Анфіса амаль паўгадзіны распавядала нам пра гісторыю іх цудоўнага храма – што закладзены ён ажно ў 1604 годзе, што пад ім б’юць дзве крыніцы, што яго захаванасць проста ўнікальная. Запрашала ўсіх у Талачын і прасіла, хто мае магчымасць, далучыцца да Кіркорава – і дапамагчы ўратаваць гэты цудоўны храм.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі