Гамельчукі па тэлефоне праспявалі Нілу Гілевічу “Паланэз Агінскага”
Гомельская філія ТБМ правяла імпрэзу з нагоды 80-годдзя беларускага паэта і заснавальніка Таварыства беларускай мовы.
Трыццатага верасня спаўняецца 80 гадоў Нілу Сымонавічу Гілевічу – беларускаму паэту, грамадскаму дзеячу і заснавальніку Таварыства беларускай мовы. З гэтай прычыны гомельскі філіял ТБМ зладзіў святочнае мерапрыемства, што прайшло ў адной з гарадскіх бібліятэк.
Усе прысутныя, у амаль хатняй атмасферы, з кубкам гарбаты, паслухалі ўспаміны-расповеды гамельчукоў, асабіста знаёмых з паэтам: Дзмітрыя Паўлаўца, Ніны Шкляравай ды Анатоля Бароўскага. Апошні, у сваю чаргу, прапанаваў патэлефанаваць Нілу Сымонавічу і пры дапамозе гучнай сувязі папрасіў яго сказаць некалькі слоў для сяброў гомельскага Таварыства беларускае мовы. Гамельчукі падзякавалі паэту за ягоныя шчырыя словы, а бард Вальжына Цярэшчанка праспявала ўрывак з песні, напісанай на музыку “Паланэза Агінскага”.
Апроч гэтага, на вечарыне прайшло напісанне дыктоўкі на верш паэта і падпісанне віншавальных паштовак Нілу Гілевічу. Па тэлефоне было вырашана не віншаваць, бо загаддзя не віншуюць.