Гомельскі ГЦК: Алег Клімчанка памёр не ад удару токам
Раніцай 3 верасня ўсю апаратуру ў Гарадскім цэнтры культуры праверыў энерганагляд.
Пра вынікі праверкі Еўрарадыё распавядае галоўны інжынер ГЦК Сяргей Дзенісенка:
“Сёння [3 верасня. ― Еўрарадыё] уся апаратура правераная ў прысутнасці энерганагляду. Мы правяралі, і ён сам правяраў. Усё паказвае нармальна. У нас будынак толькі пасля рэканструкцыі. Усе сеткі новыя. Такога проста быць не павінна! Але мы праверылі ўсё. Тым больш, толькі што атрымалі папярэднюю выснову судмедэкспертызы. Пакуль што на руках яе не маем. Але папярэдне ― смерць наступіла не ад траўмы электрычным токам”.
Пра тое, ці будзе калі-небудзь скончаны фэст “Масс Меdиум 2012”, перарваны трагічнай смерцю бас-гітарыста гурта Litvintroll Алега Клімчанкі, у ГЦК пакуль не ведаюць.