Гурт "Иван Купала" прывязе на "Камяніцу" толькі частку "палескага" альбома

Напярэдадні выступу расійскага гурта "Иван Купала" на фестывалі "Камяніца", што пройдзе 15 верасня пад Мінскам, Еўрарадыё пагутрыла з удзельнікам калектыву Аляксеем Івановым. Раней паведамлялася, што музыкі вязуць у Беларусь новы альбом "Родина", які быў выдадзены ў ліпені і заснаваны на палескіх песнях. Але ў выніку будзе выканана толькі некалькі песень. Чаму так? Патлумачыў Аляксей Іваноў:

"У нас выйшаў альбом на якім у асноўным палескія песні. Там не толькі беларускія, ёсць рускія, украінскія, але прыкладным паходжаннем яны з Палесся. То бок гэта поўдзень Беларусі, поўнач Украіны ды захад Расіі. Справа ў тым, што ў нашай канцэртнай праграме шмат старых песень, а ўлічваючы, што новы альбом толькі выйшаў, то мы толькі пачынаем уводзіць у праграму новыя песні. На канцэрце будзе дзве-тры-чатыры новыя песні, а астатняе — стары матэрыял".

Еўрарадыё: А чаму вы вырашылі менавіта палескія песні ўзяць, як вы іх знаходзілі?

Аляксей Іваноў: Папярэднія альбомы былі напісаныя паводле матэрыялаў экспедыцый ды архіваў па тэрыторыі Расіі, а цяпер мы вырашылі пашырыць геаграфію. І гэты альбом ужо пісаўся паводле паездак у Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі ў архівы, ды мы супрацоўнічалі з Зінаідай Мажэйкай — вядомай беларускай фалькларысткай, якая нам дала свае запісы, а таксама паездкамі ў Кіеўскую кансерваторыю нацыянальнай музычнай акадэміі Украіны. А потым адабралі матэрыял, і на яго аснове запісалі наш альбом.

Еўрарадыё: Але гэта ж аранжыраваныя версіі, не аўтэнтычныя?

Аляксей Іваноў: Песні, натуральна, аранжыраваныя, але галасы, якія гучаць, гэта аўтэнтычныя галасы, гэта тое, як бабулі праспявалі. Справа ў тым, што нашы альбомныя трэкі: тое, што гучыць па радыё, па тэлебачанні, выходзіць на кружэлках, гэта песні з вёсак так, як яны ёсць. Іх ніхто наноў не спявае, для іх выкарыстоўваюцца запісы менавіта з архіваў. Прычым, кожная песня — гэта адпаведны запіс, а можа, і кампіляцыя некалькіх запісаў з розных рэгіёнаў. А калі мы выступаем на канцэртах, то ў нас ёсць канцэртны склад, які доўга вучыўся ў Гнесінскай музычнай акадэміі, які ведае асаблівасці дыялектаў, асаблівасці музычнага строю, касцюмаў, танцаў... І тыя песні, што ёсць на альбомах, якія запісаныя рознымі бабулямі, яны ўжо выконваюць. Натуральна, мы ж не можам прывозіць розныя калектывы з пэўнага месца на адну песню падчас канцэрта. Таму наш канцэртны склад вучыць гэтыя песні з асаблівасцямі дыялекту, з вымаўленнем, са спеўнымі тонкасцямі. То бок гэта два розныя віды дзейнасці: альбомы і канцэрты — на іх спяваюць розныя людзі.

Еўрарадыё: То бок, вашы вакалісткі вучаць матэрыял фактычна на слых?

Аляксей Іваноў: Не, ну чаму на слых!? Яны робяць спецыяльныя расшыфроўкі, ёсць людзі, якія займаюцца гэтымі расшыфроўкамі. Там вельмі вялікая праца, і ў ёй шмат нюансаў. І калі новая песня ўводзіцца ў праграму, то яна вывучаецца, потым адбываюцца рэпетыцыі і вакальныя, і харэаграфічныя... І з гэтым мы ўжо выступаем на канцэртах.

Еўрарадыё: Ці не плануецца на выступе ў Беларусі запрасіць сапраўдных палескіх бабулек?

Аляксей Іваноў: Мы маем стасункі з фальклорнымі ансамблямі, але не заўсёды гэта тэхнічна магчыма. У гэты прыезд, напрыклад, пасля канцэрту мы прыязджаем у Мінск, сядаем на цягнік да Беларускага вакзалу ў Маскве, а там замоўлены аўтобус да самалёта, каб ехаць на наступныя гастролі... У нас у асноўным такі рэжым нон-стопа, таму не заўсёды атрымліваецца прыехаць на дзень-два раней, каб парэпетаваць. Хаця, пару разоў у нас былі такія гісторыі, і такія дуэты вельмі карысныя. Проста, мы вельмі абмежаваныя па часе. Таму цяпер не планавалі. Але, дарэчы, у нас быў у Беларусі, у Мінску цудоўны дуэт з гуртом "Палац" у годзе 2001. Там на першым альбоме ў нас была беларуская песня "Ой, сваточкі-галубочкі едзьце дамоў", вось яе і выканалі.

Еўрарадыё: На гэтым фэсце вы будзеце глядзець беларускія выступы?

Аляксей Іваноў: Вядома, мы заўсёды глядзім, гэта ж цікава!

Еўрарадыё: А ці ёсць у планах якія сустрэчы з сябрамі падчас паездкі?

Аляксей Іваноў: Так, у нашай групе "Вконтакте" шмат прыхільнікаў, у тым ліку, і з Беларусі. Яны нам пішуць цяпер, што прыедуць на канцэрт, прычым, не толькі з Мінску, а і з усёй краіны. Мы вязем для іх падарункі, дыскі з аўтографамі. Для самых актыўных нашых прыхільнікаў, якія заўсёды нам пішуць мы і вязем гэтыя падарункі.

Гурт "Иван Купала" адыграе на "Камяніцы" сярод хэдлайнераў. Сам жа фэст пачнецца 15 верасня а 12-й і працягнецца да 21-й гадзіны. Кошты квіткоў — 25 тыс. для дарослых і  12,5 тыс. — для школьнікаў. Наведвальнікі ў традыцыйных строях традыцыйна пройдуць на фэст бясплатна.

Фота: komiinform.ru, peredvizhenie.com, vmdaily.ru, turistka.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі