Yellow Brick Road прэзентуе першую песню на беларускай мове (спампаваць)
У адмысловым праекце Еўрарадыё гурт пераклаў сваю кампазіцыю "30's".
Спампаваць (калі не захоўваецца аўтаматычна - клікніце правай кнопкай мышы па спасылцы і выберыце варыянт "захаваць як")
Кампазіцыю для англамоўнага гурта перакладалі слухачы Еўрарадыё. Музыкі выбралі варыянт, дасланы ад асобы пад нікам Байсан. Аўтар тэксту напісаў яго ў цягніку Мінск — Кіславодск па дарозе ў Гомель. Ён не проста пераклаў песню, а надаў ёй свае бачанне і атмасферу, пераасэнсаваўшы “30-я гады” з арыгіналу песні Yellow Brick Road у беларускія “нулявыя”. Адсюль і новая назва — "00's".
“Гэта хутчэй аўтарскае асэнсаванне праз прызму таго, дзе быў аўтар. І цэнтральная думка, як па мне, як раз пра людзей на краі Еўропы, якімі фактычна з’яўляюцца беларусы. Песня вельмі добра торкае, акурат калі едзеш па сваёй краіне, бачыш яе лёс і думаеш пра яе”, — тлумачыць Байсан.
Наколькі беларуская версія песні ўдалася — вырашаць слухачы, лічыць Байсан. А, як запэўнівае вакаліст Yellow Brick Road Ян Максімовіч, слухачам “нулявыя” ўжо паспелі спадабацца — песня ўпершыню прагучала падчас нядаўняга канцэрту гурта ў расійскай Цверы.
“Нас папрасілі сыграць што-небудзь на мове, — распавядае Ян Максімовіч. — Мы пераглянуліся і вырашылі ўпершыню выканаць песню на публіцы. У выніку злавілі авацыі, і ўсё прайшло нармальна. Я лічу, што павінна быць такая песня ў рэпертуары музыканта”.
Нягледзячы на тое, што спяваць па-беларуску Яну спадабалася, пісаць песні на мове Yellow Brick Road пакуль больш не збіраюцца. Але не адмаўляе і таго, што неўзабаве гурт выкладзе для перакладу некалькі новых песень з будучага альбома.
“Гэта вельмі цяжка — пакласці беларускую мову на нашу музыку, а тым больш на матэрыял, які мы рыхтуем цяпер. Нейкія песні “ад душы” мы абавязкова перакладзем. Але пра тое, каб зрабіць афіцыйны рэліз на мове, мы пакуль не думалі. А ўвогуле ідэя класная, мне падабаецца”.