“ІнЖэст” наварыў новай кашы ў галовах гледачоў
"Постмадэрновай кашы!" — настойваў адзін з наведвальнікаў.
Спектакль “...После” пластычны тэатр “ІнЖэст” нарадзіў яшчэ ў 2006 годзе і з таго часу ставіў ўжо больш за дзесятак разоў. І вось у сцюдзёную пятніцу 3 лютага — яшчэ раз, у Палацы Чыгуначнікаў.
Зала была халоднай, без аншлагу, і дырэктар Вечаслаў Іназемцаў хваляваўся:
“Даўно не гралі гэты спектакль, амаль што год. Вельмі баяліся, перажывалі, збяруцца людзі ці не — мароз, крызіс. Але трохі сабраліся”.
Сабраліся прыхілільнікі, замежныя госці і тыя, хто ўпершыню бачыў “ІнЖэст”. Апошнім, канешне, пашанцавала трапіць на адзін з самых складаных спектакляў тэатру. Складаных таму, што “..После” распавядае пра ўзаемаадносіны сістэмы і асобы, робіць гэта з дапамогай вобразаў, якія ў жыцці ніколі не збіраюцца ў адным месцы і ў адзін час. І, нягледзячы на жорсткую структуру, пакідае месца для акцёрскай імправізацыі, што дабаўляе новых “сэнсаў” і “вобразаў”.
Як вынік — каша ў галовах некаторых гледачоў.
“Напачатку мне падалося, што спектакль пра наш соцыум і нашу краіну. Нейкая “жалезная заслона”, саўковыя дзеўчаты-школьніцы, машына, якая гаворыць акцёрам што трэба рабіць, — разважае ўслых Тамара. — Але пасля я зразумела, што спектакль зусім ні пра гэта, а пра нешта іншае”.
“Гэта нейкі трэш, я нічога не зразумеў! Толькі аддаў 60 касарэй... Думаў, будзе моцна і цікава, а аказалася — буээ, — паскардзіўся глядач Сяржук. — Можа вы мне падкажаце, што значыў гэты вобраз школьніц? Я яшчэ неяк зразумеў быліннага рускага багатыра, пасля нейкае падабенства на зорныя войны, штучны інтэлект, татальны кантроль і кіберпанк... Але пасля школьніцы?... Гэта нейкая посмадэрновая каша!”
“Прычым тут трэш? — не пагадзілася з папярэднім меркаваннем Саша і назвала спектакль шэдэўральным. — Гэта проста думкі чалавека, і не абавязкова было разносіць сцэну, каб нешта данесці да гледача”.
Па словах акцёра Змітра Скачкова, у пластычным тэатры прынята лічыць, што чым больш вобразаў і ідэй бачыць глядач, тым лепш для спектаклю.
Зміцер: Няма ў пластычным спектаклі заданасці нейкай. Ідэя ёсць, але кожны яе танчыць па-свойму.
Еўрарадыё: А вы які вобраз танчылі?
Зміцер: Там, дзе ішла імправізацыя, я граў нараджэнне кветкі ў сваім воку ці рух ад рукі, якая пранікла ў цела і рушыла мною ў розных накірунках, калупалася ўва мне — вось гэта я танчыў.
Сам рэжысёр Вечаслаў Іназемцаў пагаджаецца, што спектакль складаны, але з тэхнічнага боку:
““... После” — для мяне гэта найбольш тэхналагічны спектакль. Ён амаль увесь ідзе пад фанаграму — музыку Віталя Артыста — усё вельмі жорстка завязана на музыцы, на відэа. А ў астатнім гэты спектакль блізкі з тымі, што мы рабілі раней. Тэмы пераплятаюцца”.
Дарэчы, ёсць магчымасць яшчэ раз паказытаць галаву новымі вобразамі ад “ІнЖэста” 11 лютага ў музеі імя Азгура. Там будзе прадстаўлены спектакль пад умоўнай назвай “Х-традыцыя” — вынік некалькіх тыдняў навучання і абмену досведам пластычных акцёраў з Беларусі, Іспаніі, Аўстрыі, Даніі, Румыніі, Нарвегіі. Галоўная фішка спектаклю — імправізацыя, якая адштурхоўваецца ад асаблівасцяў прасторы. А калі ў Азгура гэта бюсты Леніна, Сталіна, Маркса... Эх, распальвайце ўяўленне!
Больш фота са спектаклю ў Фэйсбуку Еўрарадыё.