Калякіна дапыталі па тэракце ў метро для "птушкі"
Сёння на допыце ў Мінскай гарадской пракуратуры пабываў старшыня Беларускай партыі левых "Справядлівы свет" Сяргей Калякін.
Ён быў выкліканы ў якасці сведкі па справе аб тэракце.
"Гэтая гутарка выключна для "птушкі". Я адразу сказаў, што ніякай інфармацыі пра падрыхтоўку, а таксама пра тых, хто здзейсніў тэракт, не маю", — заявіў сайту АДС Калякін.
У палітыка таксама пацікавіліся, дзе ён знаходзіўся 11 красавіка і якія каментары з нагоды выбуху даваў.
На думку Калякіна, "усё гэта задумана — допыты палітыкаў — толькі дзеля таго, каб выканаць даручэнне прэзідэнта". "Думаю, што самі следчыя цудоўна разумеюць, што гэта марнаванне часу", — падкрэсліў лідар беларускіх левых.