Kapela ze Wsi Warszawa: Не трэба танчыць!

120604 Ma6a Kapela.mp3

“Ну вось, пачынаюць здзяйсняцца мары, якім 10 альбо 15 год. Таму што, калі Троіца ўпершыню выехала за мяжу, мы бачылі буйнейшыя фэсты ў Еўропе і здзіўляліся, як могуць працаваць, як, напрыклад, у Венгрыі, адначасова 40 пляцовак і на іх могуць граць розныя музыкі. І вось, сёння нашы мары пра тое, каб у Беларусі таксама выступалі этнічныя гурты іншых краін, збыліся”, - распачаў гістарычны этна-канцэрт і сэт “Троіцы” Іван Кірчук.

Іван Кірчук


Юры Паўлоўскі


Сапраўды, упершыню на вялікую мінскую пляцоўку падняліся два тытаны усходнееўрапейскай этна-музыкі – гурты “Троіца” і Kapela ze Wsi Warszawa. Абодва з рэгаліямі і гісторыяй, з пласцінкамі і вандроўкамі па свеце, з бабулінымі і дзядулінымі песнямі ў рэпертуары. І калі “Троіца” акунае слухача ў цёплае возера з шэптам русалак і прапануе разняволіцца, Kapela ze Wsi Warszawa прымушае падпарадкавацца пульсацыям маці-Зямлі і зліцца з ёй у шматгалосным экстазе.

Юры Дзмітрыеў

“Для мяне канцэрт “Троіцы” – гэта заўсёды магутны зарад энергіі, гэта, сапраўды, як сёння казаў Іван Кірчук, як басанож пабегаць па той зямлі, дзе калісьці маленькі бегаў басанож. А польскія госці склалі годную творчую канкурэнцыю “Троіцы”. На маю думку, гурт зусім іншы, але ён таксама зарадзіў”, - каментуе пачутае літаратар Уладзімір Арлоў.

Уладзімір Арлоў

Апроч песень з “Зімачкі”, “Троіца” парадавала прыхільнікаў прэм’ерай – купальскай песняй “Цар-Агонь”. У якасці перкусіі музыкі задзейнічалі звычайныя вясковыя чыгуны і паспрабавалі перадаць катарсіс, які перажывалі нашы прашчуры.

tsar-agon.mp3 

Kapela ze Wsi Warszawa

Kapela ze Wsi Warszawa хвалявалася: першы канцэрту Беларусі, якая заўсёды была ці толькі прыпынкам на шляху ў Расію ці нязведаным краем з незразумелай рэчаіснасцю – так пішуць у газетах і распавядаюць сябры…

Эва Валэцка

 

“Зараз праехалі мы добрую частку Беларусі і адразу звярнулі ўвагу тое, якая тут неверагодная прырода, якая прастора, якая добрая вібрацыя! Мы пачулі, што тут існуе іншая вібрацыя, чым у Польшчы, тут ёсць тое натуральнае, што Захад знішчыў. Я тут адчуваю цудоўную вібрацыю, я тут адчуваю сябе, як дома: тут ёсць тая ж сардэчнасць людзей і славянская душа”, - распавядае музыка гурта Мацей Шайкоўскі.

Павел Мазурчак

 

Магдалена Собчак-Контаровска

І Еўрарадыё хвалявалася: Kapela ze Wsi Warszawa – падкрэслена фестывальны гурт. А палякі ды еўрапейцы ўвогуле – танчаць пад такую музыку. Але ў Мінску не заўсёды можна танчыць у вялікіх залах. І не заўсёды трэба, як высветлілася…

Мацей Шайкоўскі

“Не, што ты, не трэба танчыць! Яны сядзелі і слухалі. Я бачыў, яны ўсміхаліся! Гэта было нешта цудоўнае. Я бачыў добразычлівасць, радасць, сардэчнае прыняцце. Гэта было для нас тое, пра што можна марыць – прыняцце! Мы вельмі ўдзячныя за гэта. Тут яшчэ зала спецыфічная, тут трэба падбіраць музыку. Але мы бачылі, што яны ўбіраюць яе сабой. Таму і мы ўвайшлі ў стан трохі гіпнозу, нашай пляменнай трансовасці”, - працягвае Мацей Шайкоўскі.

Пётр Глінскі

 

Сільвія Свянтковска

 

Дарэчы, Мацей вучыць беларускую мову і ўвосень плануе прыехаць з “капэлай” у экспедыцыю да беларускіх бабуль. Пакуль жа мегапапулярны польскі гурт рыхтуецца да святкавання свайго 15-га Дня нараджэння. Ён адбудзецца 7 ліпеня ў Цешыне – мястэчку ў гарах на мяжы з Чэхіяй, і збярэ усіх удзельнікаў гурта, якія спрычыніліся аднойчы да музыкі Kapela ze Wsi Warszawa, а таксама сяброў і прыхільнікаў… Ну, і прывітанні Польскаму інстытуту ў Мінску, фонду імя Адама Міцкевіча, Пан-студыі за тое, што прыдумалі такі канцэрт, і беларускім музыкам. Ад капэлы!

maczek_0.mp3  

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі