Касманаўт Алег Навіцкі ў Чэрвені пілаваў дровы і фарбаваў плот
23 кастрычніка ў космас паляціць ураджэнец Беларусі.
41-гадовы Алег Навіцкі (на здымку ён справа) ачоліць асноўны экіпаж, які будзе працаваць на Міжнароднай касмічнай станцыі (дагэтуль беларусы там не кіравалі). У яго склад патрапілі расіянін Яўген Тарэлкін і амерыканец Кевін Форд.
Вядома, што Алег Навіцкі нарадзіўся ў Чэрвені ў Мінскай вобласці. Ён вучыўся ў Расіі, у 2006 годзе скончыў Ваенна-паветраную акадэмію імя Гагарына. Да ўключэння ў атрад касманаўтаў Навіцкі каля 9 гадоў служыў у расійскіх ваенна-паветраных сілах, ваяваў у Чачні. 12 кастрычніка Навіцкі святкаваў дзень народзінаў.
Як піша "Народная газета", касманаўт вельмі любіць беларускія песні, спявае іх разам са сваімі расійскімі калегамі. Калі ён прыязжае ў Чэрвень да маці, то без працы не сядзіць: пілуе дровы, абразае яблыні, фарбуе плот. У школе, якую ён скончыў, ужо рыхтуюцца адчыніць музей касманаўтыкі.
Адзначым, што ад апошняга палёту беларуса ў космас (Уладзіміра Кавалёнка) прайшлі ўжо 30 гадоў.