Катарцы едуць без віз у Беларусь, а беларусы — у Гандурас
Куды яшчэ беларусы могуць паехаць без візы і хто можа ехаць без візы да нас?
Жыхары Катара маюць бязвізавы рэжым з нашай краінай, а вось беларусы мусяць атрымоўваць катарскую візу. Еўрарадыё даведалася, што гэта адзінкавы выпадак.
"Воля кожнай краіны вызначаць парадак уезда замежнікаў на сваю тэрыторыю. У нас, згодна з законам аб прававым палажэнні замежнікаў у Беларусі, прэзідэнту дадзена права абвяшчаць бязвізавы ці іншы парадак уезда. Што ўласна і было рэалізавана адносна Катару", — распавядаюць у Консульскім упраўленні МЗС.
На думку міжнароднага аглядальніка Рамана Якаўлеўскага, такі жэст — гэта запрашэнне бізнесу. А вось катарскі бок не бачыць перспектыў у беларускіх інвестыцыях.
"Гэта звязана ў першую чаргу з катарскім капіталам і інвестыцыямі. Мы ж ведаем, што і Лукашэнка быў у гэтай краіне", — тлумачыць міжнародны аглядальнік Раман Якаўлеўскі. — Дзіўна на гэтым фоне выглядае візавы рэжым паміж Беларуссю і Ізраілем. Яго няма паміж Ізраілем і Расіяй. Гэта дэманструе, што бізнес тут ніяк не працуе, хаця там шмат выхадцаў з Беларусі. І тут мы ўжо бачым палітычны матыў".
Ёсць краіны, якія ў аднабаковым парадку адмянілі візы для беларусаў — Гандурас, Малайзія, Нікарагуа, Перу, Сінгапур і Эквадор. А з Манголіяй дзейнічае "бязвізавае" пагадненне яшчэ з 1979 года!
Бывае, што краіны адмяняюць візы ў аднабаковым парадку. За прыкладам далёка хадзіць не трэба — Украіна адмяніла візы для грамадзян ЕС. Разлік тут на тое, што гэта паспрыяе турызму і гандлю, часцей гэта робіцца з эканамічных інтарэсаў. А Эквадор, напрыклад, проста адмяніў візы для ўсіх турыстаў.
Але з большасцю краінаў у Беларусі дзейнічае прынцып узаемнасці.
"Мы выкарыстоўваем у гэтай працы прынцып узаемнасці. Замежнікам даюцца такія ж умовы атрымання віз, якія яны прадстаўляюць беларусам. У прынцыпе, мы зацікаўленыя ў спрашчэнні гэтых працэдур дзеля развіцця нашых міжнародных сувязяў на ўсіх узроўнях", — кажа кіраўнік прэс-службы МЗС Андрэй Савіных.
Без візы беларуса пусцяць у Венесуэлу, Гандурас, Кубу, Малайзію, Нікарагуа, Эквадор, Кітай (групавыя туры), Манголію (па запрашэнні ці пуцёўцы), Македонію (па запрашэнні ці пуцёўцы), Сербію, Чарнагорыю (таксама па ваўчары ці запрашэнні), Таджыкістан, Узбекістан, Казахстан, Кыргызстан, Арменію, Азербайджан, Грузію, Малдову, Расію і Украіну.
Еўрарадыё спытала ў мінакоў, хто мусіць ездзіць у Беларусь без візы. Адказы ў апытанцы: