Кавярні на Карла Маркса гэтым летам наведала ўдвая больш кліентаў
А чыноўнікі закрываюць пешаходную вуліцу да траўня.
Да траўня клоўнаў на хадулях, мімаў, жывых статуяў і музыкі на Карла Маркса не будзе. Вуліца ізноў аўтамабільная.
“Гэта быў пробны праект, каб зразумець, ці будзе вуліца запатрабаваная. Наступным летам усё адновіцца. Задаволеных было больш. Але і негатыўныя водгукі ёсць”, — расказваюць ва Упраўленні культуры Мінгарвыканкама.
Як даведалася Еўрарадыё, пераносіць пешаходку пакуль не збіраюцца, бо “людзі прывыклі”. З незадаволеных у Ленінскім раёне прыгадваюць толькі адну пенсіянерку — жыхарку вуліцы Карла Маркса. Жанчыну турбуе гучная музыка.
“Скарга была на гучную музыку. Мы скарацілі час выступу ў суботу да дзявятай, замест дзясятай, а ў нядзелю да паловы на дзявятую. Былі праблемы: не хапала месцаў у кавярнях, недастаткова біяпрыбіральняў. Але мы выпраўлялі ў працэсе”, — тлумачаць у аддзеле культуры адміністрацыі Ленінскага раёну Мінска.
Жыхар вуліцы Карла Маркса — пісьменнік Уладзімір Арлоў — на пешаходку патрапіў толькі аднойчы позна ўвечары і ўбачыў…. пешаходны квартал, а не вуліцу.
“Я за пешаходную вуліцу, але супраць пешаходнага кварталу. Хай гэта будзе значная частка гэтай вуліцы. Бо калі на адным квартале сканцэнтраваныя і мастакі, і музыкі, у іх узнікае нездаровая канкурэнцыя. Гэта прафанацыя самой ідэі… Мы аднойчы позна ўвечары прыехалі і бачылі непатрэбную канкурэнцыю, калі адзін гурт вымушаны быў перакрываць іншы”, — расказвае Уладзімір Арлоў.
Артысты з тэатру "EYE", якія ставілі на Карла Маркса жывыя статуі і мімаў на хадулях, гатовыя граць хоць узімку. Уразілі забулдоны з пешаходнай вуліцы.
“Спадабалася, калі падыходзілі забулдоны, вітаюцца, кажуць, што ўсё класна. Пазітыўная атмасфера. У нас ёсць і зімовыя варыянты працы: калі б на цэлы год запусцілі, праблем бы не было. А так, для нас гэта было, як летнія вакацыі”, — расказвае кіраўнік эксперыментальнага тэатра Дзмітры.
Кавярні па Карла Маркса за час пешаходных выходных падняліся на 50%, у параўнанні з узроўнем мінулага лета.
“Людзей было шмат, вялікая плынь, але спраўляліся. На наступны год вялікую пляцоўку на вуліцы адкрыем. Сёлета напалову кліентаў было больш, чым летась”, — расказвае адміністратарка Юля з кавярні “Перчык”.
Даўжыня пешаходнай зоны ў Мінску — крыху больш за 200 метраў. Паводле падлікаў Еўрарадыё, у Вільні пешаходная зона ў некалькі разоў даўжэйшая.
Выступ гурта CityZen на Маркса
Выступ Марыны Неўгень - экс-ўдзельніцы "Нагуаля"