Хасэп Гвардыёла: Прыехалі ў Мінск, каб нешта пераняць у БАТЭ
Галоўны трэнер “Барселоны” распавёў, чаму фанаты не змаглі сустрэць каманду ў аэрапорце і як каталонцы назіралі за чэмпіянатам Беларусі.
Напярэдадні матчу супраць БАТЭ галоўны трэнер “Барселоны” Хасэп Гвардыёла правёў прэс-канферэнцыю на сталічным стадыёне “Дынама”.
Вашае стаўленне да каманды БАТЭ?
Гвардыёла: Нельга сказаць, што БАТЭ – невядомая каманда. Клуб набыў свой твар у Еўропе. Тым больш гульні такога групавога турніру маюць непрадказальны вынік. Калі ты выходзіш у паўфінал, лоб у лоб у плэй-офф, то ўсё інакш. Тут гульня можа прайсці па-іншаму. БАТЭ – лепшы клуб у Беларусі. Не тое, што мяне ахапіла паніка. Я думаю, што тут трэба гуляць. Заўсёды патрэбны запас ачкоў. Мы з вялікай адказнасцю ставімся да гэтага матчу.
Ці вывучалі саперніка?
Гвардыёла: Гэта наш абавязак. Так пабудаваны футбол, што мы мусім сачыць за сапернікам. Зразумела, што гульняў беларускага чэмпіянату не паглядзіш па тэлебачанні. Таму нашы разведчыкі сачылі за апошнімі гульнямі мясцовага першынства і гульнёй са “Штурмам”. У нас ёсць свае назіранні, якія мы мусім выкарыстаць на заўтрашняй гульні.
Чаму у аэрапорце каманда выйшла не да заўзятараў, а праз чорны ход?
Гвардыёла: Мы ніяк не маглі паўплываць на сітуацыю. Сэнс у тым, што калі мы прыляцелі, нам сказалі: “Хлопцы, ідзіце за намі, выходзьце за намі, сядайце ў аўтобус”. Мы так і зрабілі.
Многія ставяць “Барселону” у прыклад. А што рабіць трэнеру “Барселоны”, з каго браць прыклад?
Гвардыёла: Што тычыцца таго, на якую каманду раўняцца, чаго хаваць: мы прыехалі сюды, каб таксама нешта ўзяць ад мясцовай каманды. Нашы разведчыкі пра нешта даведаліся. Мы таксама ўзялі гэта на ўзбраенне. Ёсць што чэрпаць, і мы гэтым узбагачаем сябе.