“Хуткая” Брэста: Дактары ад нас не ўцякаюць — мы іх адпускаем

120224 Luka6uk Vra4i.mp3

Сёння "хуткай дапамозе" Брэста на працу патрэбныя 26 дактароў-спецыялістаў. Як прызнае загадчык мясцовага філіяла “Станцыя хуткай медычнай дапамогі” Генадзь Ласіцкі, людзі сыходзяць у пошуках большых заробкаў.


Генадзь Ласіцкі: “Летась тры нашыя дактары з’ехалі ў Расію працаваць. Сапраўды, там заробкі ў два разы больш, чым у нас. І ў іх вахтавы метад: яны паехалі, месяц папрацавалі, два тыдні адпачылі — тысячу долараў зарабілі. А ў нас пасля апошняга падвышэння сярэдні заробак доктара, які працуе на стаўку з чвэрцю ці на паўтары стаўкі, — каля 5 мільёнаў. Нізкі заробак і адсутнасць жылля спрыяе іміграцыі такой”. Ласіцкі: Нізкі заробак і адсутнасць жылля спрыяе іміграцыі


Яшчэ некалькі чалавек сышлі ў фірмы, якія займаюцца пастаўкамі і распаўсюдам медыкаментаў. Але большасць былых супрацоўнікаў памянялі “хуткую” на працу ў стацыянарах. Іх не сталі трымаць, разумеючы сітуацыю.


Генадзь Ласіцкі: “Дактары не ўцякаюць ад нас — мы проста іх адпускаем. Калі плаціць сталі ў палатах інтэнсіўнай тэрапіі добрыя грошы, зараз медсёстрам павялічылі заробак — зразумела, сыходзяць маладыя спецыялісты і прафесіяналы пры наяўнасці месцаў у стацыянар. Калі ісці на такія ж грошы, то стацыянар — гэта цяпло, мухі не кусаюць, белы халат... А што такое “хуткая дапамога” сёння? Гэта экстрэмальныя сітуацыі — гэта сабакі, гэта сякеры, гэта нажы, гэта забойствы, бойкі. Я лічу, за гэта таксама павінны плаціць”.


Дактары нават не трапілі ў пералік тых, хто ў адпаведнасці з прэзідэнцкім указам мае права на 5% крэдыт на будаўніцтва жылля! У адрозненне ад міліцыянтаў, супрацоўнікаў спецслужб ды суддзяў з пракурорамі.


Вось пішуць: “Будзе для медыкаў пабудаваны адзін дом", — працягвае Генадзь Ласіцкі. — А што такое адзін дом, калі ў мяне ў "хуткай дапамозе" зараз 40 бескватэрных людзей? Зняць жыллё ў прыватнай асобы ў Брэсце каштуе 150-200 долараў — гэта ўвесь заробак доктара-пачаткоўца!”


Паводле афіцыйных звестак у Брэсцкай вобласці не хапае 720 медыкаў. Пакуль функцыі дактароў-спецыялістаў, прысутнасць якіх абавязковая ў кожнай брыгадзе “хуткай”, выконвае фельчар. Такі “некамплект” павялічвае нагрузкі на астатніх медыкаў брыгады, якія таксама пачынаюць задумвацца аб пераходзе ў стацыянар, дзе “мухі не кусаюць”. Калі не казаць аб працоўнай эміграцыі ў Расію.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі